Малады загадчык вясковай амбулаторыі ў Гарадоцкім раёне вядзе ўласны відэаблог на Youtube

24 ноября 2018

Урач і ўласны трэнер анлайн. Малады загадчык вясковай амбулаторыі ў Гарадоцкім раёне вядзе ўласны відэаблог на Youtube. У рабочы час выконвае абавязкі ўрача агульнай практыкі - у зоне яго адказнасці больш за дзве тысячы жыхароў. Але барацьбу за здароўе прасунуты доктар вядзе яшчэ і анлайн. Кожны тыдзень на юцьюб-канале доктар Ягораў размяшчае відэазамалёўкі пра заняткі спортам, здаровы лад жыцця і медыцынскія парады. За два гады колькасць падпісчыкаў перарасла за 60 тысяч.

Да іх ліку далучылася і наш карэспандэнт Вольга Маслоўская. Высокая тэмпература, колікі, раны. Загадчык Верамееўскай амбулаторыі Андрэй Ягораў - урач на ўсе рукі. Выпускнік Віцебскага медыцынскага пасля атрымання дыплома вярнуўся на малую радзіму і зусім не пашкадаваў. На ўчастку больш за дзве тысячы жыхароў - і малых, і дарослых. Прыём, выклікі дадому, а яшчэ начныя дзяжурствы - практыка ў вясковай амбулаторыі шматбаковая.

Але барацьба за здароўе працягваецца і пасля таго, як спецыяліст здымае белы халат. Доктар вядзе ўласны юцьюб-канал пра здаровы лад жыцця і заняткі спортам. Выпускі выходзяць пад агульнай назвай "Дзённік доктара Ягорава". Прабежка па лесе, размінка дома... Чарговы выпуск блогер рыхтуе ў трэнажорнай зале.

Андрэй шмат гадоў прафесійна займаецца паўэрліфтынгам. Уласны прыклад, падтрыманы медыцынскімі парадамі, зацікавіў прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.

Каб запісаць першы ролік, блогеру спатрэбілася некалькі падыходаў. Сёння лайкаў у "Дзённіка доктара Ягорава" - сотні тысяч. На прыём да віртуальнага доктара запісваецца ў асноўным моладзь.

Падпісчыкі ёсць у розных краінах свету, але самыя заўзятыя - гэта вучні другой Гарадоцкай школы. Менавіта тут на ўроках фізкультуры і палюбіў спорт будучы ўрач-блогер.

Парады ўрач-фітнес-інструктар дае і анлайн. Жартоўна называе сябе "доктар-качок", але рэкамендацыі - самыя сур’ёзныя. Упэўнены: за інтернэт-медыцынай будучыня.

Магчымасцяў для трэніровак у невялікім райцэнтры хапае: ёсць басейн, трэнажорная зала. Праца падабаецца, падрастае сын. Магчыма, неўзабаве ў "Дзенніку доктара Ягорава" з’явяцца ўрокі для малых.