Культурны дайджэст

25 февраля 2017

Віцебскі мастак Аляксандр Салаў’ёў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт краіны. Майстра называюць патрыярхам віцебскага авангарда і сапраўдным чалавекам-легендай. Летась яму споўнілася 90 гадоў. Аляксандр Салаў’ёў нарадзіўся ў Ленінградскай вобласці. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У пасляваенны час скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і прыехаў у Віцебск, дзе працаваў мастаком-пастаноўшчыкам, а потым і галоўным мастаком у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Ен аформіў некалькі соцень спектакляў для роднай сцэны і іншых тэатраў Беларусі і замежжа. Карціны майстра выстаўляліся ў Нью-Йорку, Стакгольме, Маскве, Тэль-Авіве. Таксама працы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях, у тым ліку ў Музеі сучаснага рускага авангарда ў Нью-Джэрсі.

Верхні горад запрашае на выставу «Гітары мінулай эпохі». Легендарныя інструменты - з калекцыі музыканта і рэстаўратара Уладзіміра Мітраева. Тут прапанаваны мадэлі гітар перыяду 60-ых-80-ых гадоў. Зроблены яны былі ў Балгарыі, Германіі і Чэхаславакіі, але апынуліся ў СССР. Многія экспанаты мелі знакамітых гаспадароў і цікавы лёс. Тут ёсць адна з гітар легендаргнага песняра Уладзіміра Мулявіна. Увогуле на выставе - 53 інструменты. Сярод іх акустычныя, бас-гітары і тры электраакустычныя.

Унікальны інтэрактыўны праект - ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. На выставе прапанавана некалькі дзясяткаў розных эпох. А пры дапамозе смартфона можна апынуцца у Юрскім перыядзе і зрабіць селфі з дыназаўрам. Такі праект - у Беларусі ўпершыню.

Адборачны тур фестывалю «Млын моды» - у Гродне. Найлепшыя ідэі маладыя дызайнеры прэзентавалі пад назвай «Увасабленне». Сёлета адзінай тэмы на конкурсе няма, будучыя дызайнеры атрымалі поўную свабоду для фантазіі. На думку журы, гродзенскія мадэлі адрозніваюцца асаблівым заходнім уплывам, што выгадна вылучае калекцыі на фоне іншых. Заключны этап фестывалю «Млын моды» пройдзе ў маі ў сталіцы. Эксклюзіўным падарункам для самых лепшых стане вучоба і майстар-класы ў вядомых дызайнерскіх школах Будапешта, Бухарэста і Берліна.