Культурны дайджэст

19 мая 2018

Гісторыя абутку - на выставе ў Мінску, у Гомель прыехалі карціны Сальвадора Далі, і ўсе трэнды сезона - на "Млыне моды". Падрабязнасці ў нашым культурным аглядзе.

60 арыгінальных карцін знакамітага іспанскага мастака Сальвадора Далі паказалі ў Гомелі. Гэтыя работы беларускі глядач бачыць упершыню. Каляровыя графічныя творы выставілі ў карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі. Экспазіцыя пад назвай "Тайнапіс" да нядаўняга часу была разрозненай: работы знаходзіліся паасобку ў прыватных калекцыянераў і ў галерэях Еўропы і Амерыкі. Каб сабраць іх у адзіную экспазіцыю, спатрэбіліся 3 гады.

Экспазіцыя заняла адразу 3 выставачныя залы. У іх размясціліся літаграфіі з серый "Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў", "Кармэн", "Далініянскія коні" і "Трылогія кахання". Акрамя таго, прапанаваныя ілюстрацыі да аповесці Пэдра дэ Аларкона "Трывуголка", выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі.

Убачыць эпатажныя туфлі з пер'ем Лэдзі Гагі альбо лыжныя чаравікі Дар'і Домрачавай можна зараз ў гістарычным музеі. Там адкрытая адмысловая экспазіцыя абутку 20 стагоддзя. Боты японскай арміі, дзіцячыя чаравічкі, унты лётчыка, жаночыя буркі... Прадэманстравана больш за паўсотні пар - ад саламяных лапцяў і валёнкаў да бальных туфляў і балетных пуант. Каб прасачыць гісторыю абутку, на вітрынах і сучасная дызайнерская калекцыя, пашытая ўручную.

"Пад туфлікам у музы" - гэта і асобныя рэчы, створаныя рэкардсменам Кнігі рэкордаў Гінеса - дызайнерам Янжам Нядвіцкім, і рэтракалекцыя Таццяны Анюковай, і абутак для боўлінгу. Здзівіцца і натхніцца можна да 10 чэрвеня.

"Млын моды" дыктуе трэнды новага сезона - свабодны сілуэт, асіметрыя, яркі прынт. У Мінску выбралі лепшых маладых дызайнераў. Свае калекцыі аўтары прапанавалі прафесійнаму журы падчас фіналу конкурсу. Сярод 80 калекцый адзначылі 16. Гэта шматфункцыянальныя спартыўныя касцюмы, калекцыя з эфектам арыгамі, сукенкі з фетру і іншыя.

Фіналісты прэзентавалі свае работы ў дзвюх намінацыях. У фінальным выхадзе ўдзельнічалі і знакамітыя дызайнеры Мінска, Масквы, Тбілісі і Мілана.

16 пераможцаў чакае модны тур у вядучыя фэшн-школы. Стажыроўка - у верасні. Наперадзе - паказы на подыумах Масквы, а таксама супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі лёгпрама.