Хірургі Мінскай вобласці асвойваюць новыя віды высокатэхналагічных аперацый

19 ноября 2016

Замест звычайнага сустава - металічны, які дазваляе актыўны лад жыцця. Хірургі Мінскай вобласці асвойваюць новыя віды высокатэхналагічных аперацый па замене суставаў. Прычым, па дапамогу да нашых медыкаў звяртаюцца не толькі жыхары краіны, але і замежжа. Антаніна Станкевіч - пра гісторыю медыцынскага турыста з Аўстрыі.

Яшчэ ўчора яму здавалася: нармальнае жыццё скончылася. Некалькі гадоў таму аўстрыец Фрыдрых Экльбоу адчуў боль у назе. Спачатку падумаў - узроставае. Аднак дыягназ урачоў - артроз - прымусіў падумаць пра хірургічнае умяшанне - інакш ніякай гаворкі пра магчымасць хадзіць і не ішло б. З нямецкай дасканаласцю Фрыдрых выбіраў клініку. Па суадносінах “цана-якасць” спыніўся на Мінскай абласной бальніцы.

Хірург-артапед Аляксандр Бянько канстатуе: прасцей за ўсе ў такіх выпадках цалкам замяніць сустаў. Аднак, такі падыход крыху састарэў - зараз урачы максімальна намагаюцца захаваць здаровыя тканкі і косці. Замяняюць металічнымі дэталямі толькі тыя часткі, якія моцна пашкодзіла хвароба. Работа вытанчаная і амаль ювелірная, але так пацыент будзе адчуваць сябе значна лепш.

Дарэчы, ад тых жа артрозаў пакутуюць да 80 працэнтаў людзей з усяго свету. Апошнім часам хвароба маладзее - канстатуюць урачы. Прыходзіцца элементарна выконваць больш аперацый.

Расце не толькі колькасць аперацый, але і іх якасць. Хірургі удакладняюць свае методыкі. Тое ж умяшанне па частковай замене сустава выконваюць літаральна ў лічаных клініках Заходняй Еўропы. А між тым, менавіта яны даюць пацыентам шанс больш ніколі не трапляць на стол хірургаў.

Аперацыі на суставах - даволі важкая частка экспарту медпаслуг. Па дапамогу звяртаюцца не толькі беларусы і жыхары суседніх краін, але і Заходняй Еўропы - прываблівае высокая якасць у сукупнасці з меншым на парадак коштам паслуг.

За мінулы год клінікі краіны зарабілі больш за 30 мільёнаў долараў на экспарце медпаслуг. Самыя запатрабаваныя - розныя віды складаных аперацый, у тым ліку трансплантацыя, а таксама стаматалагічныя паслугі.