Гомельскія аўтаінспектары ўкараняюць тэхнічныя навінкі

3 сентября 2016

Абласная ДАІ першай у нашай краіне набыла трэнажор контраварыйнага кіравання. Заняткі на новым сімулятары могуць дапамагчы вадзіцелям пазбегнуць аварыйных сітуацый на дарозе. Падрабязнасці ў Яўгена Пабалаўца.

Аналагаў такога абсталявання ў краіне няма. Гэты трэнажор дазваляе не толькі навічкам, але і вадзіцелям са стажам выпрацоўваць рэакцыю на неспадзяваныя сітуацыі на дарозе. Сімулятар здольны мадэляваць кіраванне як з механічнай, так і аўтаматычнай каробкай пераключэння перадач. Крэсла рэгулюецца, як у сапраўдным аўтамабілі.

Аўтамабільны сімулятар дазваляе адпрацоўваць вадзіцельскія навыкі ў любых умовах надвор’я, а таксама ў светлы ці цёмны час сутак. За кожнае парушэнне правілаў налічваюцца штрафныя балы. Па выніках экзамену сістэма дае адказ, пройдзены іспыт ці не.

Не зняў аўтамабіль з ручніка - штраф, не ўключыў паварот - таксама заўвага. Праграма мае некалькі ступеняў цяжкасці: складаныя кліматычныя ўмовы, контраварыйнае кіраванне, суправаджэнне аўтобусаў з дзецьмі. Ёсць і асобная праграма для навучання правілам дарожнага руху веласіпедыстаў.

Ігнацій Мароз, начальнік аддзялення ўпраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама: "Сімулятар поўнасцю перадае дарожную абстаноўку, мадэлюе ўсе сітуацыі, якія могуць адбывацца на праезнай частцы дарогі, поўнасцю перадае адчуванні, калі чалавек знаходзіцца за рулём сапраўднага аўтамабіля".

Пакуль тэхнічную навінку тэсціруюць у абласным упраўленні ДАІ. Калі вынікі задаволяць аўтаінспектараў, сімулятары рэкамендуюць для ўсталявання ў аўташколах.

Ігар Макушэнка, начальнік упраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама: "Мы хочам гэты сімулятар тут, ва ўпраўленні ДАІ, пратэсціраваць. Гэта пілотны праект. Калі эфектыўнасць будзе пад 100%, далей будзем набываць і выкарыстоўваць не толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, але па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Сёлета толькі ў Гомельскай вобласці па віне маладых кіроўцаў адбылося шэсць аварый. Спецыялісты разлічваюць, што дадатковая падрыхтоўка вадзіцеляў дазволіць зменьшыць колькасць здарэнняў на дарогах.