Да канца лета партал "Мой горад" (115.бел) запрацуе і ў Віцебску

10 июня 2017

Набраць тэлефонны нумар 115 і вырашыць бытавое пытанне стала звыклай справай для многіх мінчан, калі ўзнікае неабходнасць адрамантаваць праводку, ліфт або падказаць камунальнікам, дзе праблемы на дарозе. І вось цяпер да канца лета партал "Мой горад" (115.бел) запрацуе і ў Віцебску. Сэрвіс будзе збіраць ўсю аператыўную інфармацыю аб камунальных праблемах ад жыхароў горада на Дзвіне.

Расказвае Аляксандр Харавец: Расказаць аб камунальнай праблеме на самай справе даволі проста. Усё, што для гэтага патрэбна, - смартфон і фота з нявырашаным пытаннем. Далей посцім здымак на партале. Сцісла расказваем пра тое, што здарылася. І чакаем паведамлення аб тым, што наша заяўка прынята.

Сёння такой магчымасцю скарыстаўся кожны дваццаты мінчанін. І на партале размешчаны больш за 72 тысячы запытаў з той ці іншай праблемай. Каля паўтысячы камунальных хібаў назваў Дзяніс Відзевіч. Выпускнік радыётэхнічнага ўніверсітэта - своеасаблівы лідар па выяўленні недахопаў. Вось чарговы – кінутае аўто. І рукі самі цягнуцца да тэлефона, каб падкрэсліць чарговую недапрацоўку камунальнікаў.

Карыстальнік камунальнага партала прызнаецца, першапачаткова праз сваю актыўнасць трапляў у чорны спіс сайта, таму што ліміт запытаў абмяжоўваўся 20-ю заяўкамі. Сёння мадэратары плануюць павялічыць колькасць паведамленняў ад аднаго юзера.

24 гадзіны за суткі, 365 дзён за год. Менавіта па такой формуле працуюць спецыялісты кантакт-цэнтра 115.бел. І кожны аператар штодзень прымае амаль 200 званкоў. Паводле слоў Кацярыны Карняенкі, раніцай і вечарам - пікавыя нагрузкі на лінію. Як правіла, мінчане просяць дапамагчы вырашыць камунальныя праблемы - адсутнасць святла, вады ці прарыў трубы. Аднак часам гарачыя клавішы 115 людзі набіраюць і ў іншых нестандартных сітуацыях.

А гэта ўжо больш трывіяльны выпадак. На 115 паступіў званок – не працуе святлафор на скрыжаванні вуліцы Філімонава і завулка Макаёнка. На месца выязджаюць адпаведныя службы. І праз гадзіну зялёнае святло зноў дае дарогу аўтамабілям.

Сталічны вопыт па навядзенні парадку на гарадскіх вуліцах дзякуючы камунальнаму парталу зацікавіў і віцебскіх функцыянераў. І ў найбліжэйшыя дні сайт 115.бел запрацуе ў горадзе на Дзвіне, пакуль у тэставым рэжыме.

Зацікаўленасць у такім жа партале выказваюць гарады Пінск і Бабруйск. Паступова сэрвіс павінен з'явіцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.