Дайджэст падзей усходняга рэгіёна

3 июня 2017

Магіляўчан пачалі знаёміць з гісторыяй горада ў грамадскім транспарце. З Магілёва пачаўся міжнародны хрэсны ход. А яшчэ мясцовы заасад адкрыў летні сезон з новымі жыхарамі. Сярод іх чатыры нованароджаныя зубраняты. Пра цікавыя навіны дайджэст падзей усходняга рэгіёна.

Расказвае Андрэй Ястрабаў. У Магілёве пачалі знаёміць з гісторыяй горада праз аўдыяролікі ў грамадскім транспарце. Усе яны пачынаюцца са слоў "Ці ведаеце вы, што…". За аснову ўзятыя цікавыя і малавядомыя факты. Напрыклад, што мясцовы жыхар Мікалай Судзілоўскі быў першым прэзідэнтам Гавайскіх астравоў, альбо што самы вялікі скарб залатых манет у Беларусі знойдзены менавіта ў Магілёве - у гліняным збане - 466 дукатаў. Пасажырам падабаецца.

У Магілёве стартаваў міжнародны хрэсны ход. Ён праходзіць па маршруце Магілёў - Віцебск - Вялікія Лукі - Пскоў. Падзею прымеркавалі да стагоддзя пачатку подзвігаў новапакутнікаў і вызнаўцаў царквы рускай. Паломнікам трэба прайсці больш за паўтысячы кіламетраў. Падчас прыпынкаў яны будуць праводзіць набажэнствы. Перад пачаткам хрэснага ходу епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і святары адслужылі малебен у храме царскіх пакутнікаў. Плануецца, што завершыцца хрэсны ход у Пскове 5 ліпеня.

Магілёўскі заасад папоўніўся дзясяткам новых насельнікаў. Сярод іх нованароджаны муфлон і чатыры зубраняты, а таксама маладая ласіха. Яе падабралі егеры Любанскага раёна і перадалі мясцовым спецыялістам. Назвалі Машкай. Тут яна падужэла і стала на ногі. Зараз у рацыёне жывёліны галінкі рабіны і асіны, а таксама абавязкова вітаміны і малако.

Да таго ж спецыялісты заасада ўзяліся гадаваць рэдкага для Беларусі арла-магільніка, якога ў знясіленым стане ля вёскі Вішоў, што пад Магілёвам, знайшлі школьнікі. На гэтых кадрах птушку акальцоўваюць. У будучыні гэта дапаможа сачыць за ёй у дзікай прыродзе. Далучыўся заасад і да навамоднай тэндэнцыі - пачаў трасляцыю анлайн у інтэрнэце. Цяпер на ўсіх кантынентах свету кругласутачна можна назіраць за паводзінамі зуброў і іх чатырох зубранят.