Дайджэст падзей

30 июля 2016

На выставе ў Гомелі можна ўбачыць скарбы затанулай Атлантыды, на канцэрт латвійскай групы "Брэйнсторм" – у Лошыцкі парк, і Мінск зноў запрашае на танцавальны марафон. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

На працягу двух тысячагоддзяў людзі шукаюць на дне мораў і акіянаў планету Атлантыду. Фантазійная інтэрпрэтацыя патанулага царства прапанаваная на выставе ў Гомелі. Экспазіцыя пад назвай "Атлантыда. Мігатлівыя скарбы Ёнагуні" - аўтарскі праект даследчыка японскай культуры Уладзіслава Фаміна-Асакі. Ён знаёміць з таямніцамі падводнага горада Ёнагуні, які знойдзены і вывучаецца ў Японскім моры. Яго ўзрост - не менш як дзесяць тысяч гадоў. Японская варыяцыя страчанага падводнага свету раскрываецца праз васкавыя фігуры міфалагічных персанажаў. Спецыяльна падрыхтаваныя дэкарацыі ствараюць эфект марскога дна. Усе экспанаты апрацаваны адмысловымі сумесямі фарбаў, што надае ім фантастычнае мігаценне. Для дзяцей у выставачнай зале адкрыты акварыум з электроннымі рыбамі-робатамі.

Танцавальны марафон працягваецца ў сталіцы! Кожны чацвер ля Палаца Рэспублікі а сёмай гадзіне вечара ладзяць майстар-класы па лацінаамерыканскіх танцах. Асвоіць самбу, румбу, пасадобль падчас урокаў пад адкрытым небам дапамагаюць прафесійныя харэографы. Усяго больш за 10 танцавальных накірункаў. Музычныя вечарыны працягнуцца да верасня. Напрыканцы сезона ўдзельнікаў чакае справаздача – танцавальныя батлы, дзе кожны зможа прадэманстраваць свае навыкі.

Дэгустацыя страў, прыгатаваных на агні, танцавальныя майстар-класы, гульні розных эпох, фотасалоны для сэлфі. Новы фармат гарадскога адпачынку на газоне пад адкрытым небам прапануюць падчас свята "А-фэст". Пляцоўкай для фестывалю выбралі прастору Лошыцкага парку, дзе ўдала пераплятаецца гісторыя і сучаснасць. Ад цэнтральнай алеі сцежкі будуць весці гасцей да інтэрактыўных пляцовак. Падчас свята правядуць спаборніцтва сярод моцнай паловы на самую пышную бараду і доўгія вусы. Хэдлайнерам фэсту стане латвійскі рок-гурт "Брэйнсторм". Фестываль запланаваны на 13 жніўня.