Дайджэст падзей

20 февраля 2016

Цяпло жыллёваму фонду Бешанковіч дасць драўніна, у Брэсце - новы будынак агенцтва па зямельным кадастры, а ў Жыткавічах пасля рэканструкцыі адкрыўся басейн. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Барысаўскі лясгас сёлета лепшы ў Мінскай вобласці. На плошчы амаль 30 гектараў вырошчваюць больш за 30 відаў раслін. А гэта - елка, сасна, ядловец, туя. Саджанцы не толькі папаўняюць лясны патэнцыял цэнтральнага рэгіёна, але і ўпрыгожваюць гарады краіны. Акрамя гэтага, хвойныя пароды адпраўляюць за мяжу. Таксама ў Барысаўскім лясгасе адзін з лепшых цэхаў па перапрацоўцы драўніны.

Не менш за 200 новых прадпрыемстваў плануюць стварыць сёлета ў Віцебскай вобласці. Адно з іх - па перапрацоўцы драўніны - з'явілася ў райцэнтры Бешанковічы, дзе будзе наладжаны поўны цыкл перапрацоўкі сыравіны. Уся прадукцыя будзе пастаўляцца на экспарт. Вытворчасць безадходная. Пілавінні пойдуць на патрэбы мясцовай птушкафабрыкі. А шчапа - на ацяплення жыллёвага фонду райцэнтра. Пакуль гэта адзінае прадпрыемства ў Беларусі такога кшталту. Яго заснавальнік - літоўская кампанія. Штомесяц плануецца выпускаць да 600 кубічных метраў піламатэрыялаў. Сыравіну для вытворчасці будуць пастаўляць лясгасы Віцебскай вобласці.

Паўтысячы чалавек за дзень без чэрг цяпер могуць наведаць Брэсцкае агенцтва па тэхнічнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Спецыялісты атрымалі новы будынак. Прасторная зала з мноствам кабін прыёму і электроннай чаргой, умяшчальны архіў, зала для канферэнцый і актавая. Шматлікія кабінеты абжываюць 150 супрацоўнікаў агенцтва. Усё камфортна і функцыянальна.

Два басейны на 25 і 10 метраў, басейн сухога плавання і трэнажорная зала. У Жыткавічах пасля рэканструкцыі адкрыўся абноўлены спарткомплекс. Тут правялі капітальны рамонт, цалкам замянілі сістэму вентыляцыі, усталявалі новую сістэму хімічнай водападрыхтоўкі басейна. А яшчэ ўцяплілі сцены будынка і закупілі новыя трэнажоры. На рэалізацыю праекта спатрэбілася амаль 23 з паловай мільярды рублёў. Мадэрнізацыя - адзін з этапаў Дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся.