Дайджэст рэгіянальных навін

19 ноября 2016

У Клічаве выстаўлены аўтэнтычныя ручнікі, вернісаж Румыніі ў Мінску, адкрыццё музея мініяцюр. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Клічаў.

Калекцыю аўтэнтычных ручнікоў прадэманстравалі ў Клічаўскім краязнаўчым музеі. Выставу арганізавалі з уласных фондаў. Усе адзінкі экспазіцыі “Беларускі ручнік” - з тканымі і вышытымі арнаментамі, якія характэрны менавіта для пасяленняў Клічаўскага краю. Узрост некаторых ручнікоў набліжаецца да ста гадоў, захаваць іх для нашчадкаў і было галоўнай мэтай выставы. Яе, дарэчы, прысвяцілі 125-годдзю знакамітага краязнаўца, першага беларускага прафесара-географа Аркадзя Смоліча.

Мінск.

У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася сумесная румынска-беларуская выстава, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння сусветна вядомага скульптара румынскага паходжання Канстанціна Брынкуша. Румынскія творцы, паслядоўнікі майстра, прывезлі авангардную скульптуру ў Мінск, а беларускія мастакі прадэманстравалі ў адпаведным стылі жывапіс, графіку і фотаработы.

Мінск.

Убачыць усю Беларусь за некалькі гадзін. Краіна ў фармаце міні - у сталіцы з'явіцца музей мініяцюр. На макетах – Брэсцкая крэпасць, Нацыянальная бібліятэка ці касцёл святых Сымона і Алены… Словам, усе значныя славутасці Беларусі. Зараз завяршаюцца апошнія работы па падрыхтоўцы экспанатаў. Кожны з іх – сапраўдны твор мастацтва. Спачатку макет мадэлююць на камп'ютары. Пасля робяць аснову з ліста фанеры, некаторыя дэталі друкуе 3Д-прынтар. Але большасць работ выконваюць менавіта людзі. Злучаюць усе дэталі ў адзінае цэлае, размалёўваюць, высаджваюць траву, налепліваюць цэглу ці каменьчыкі. Да прыкладу, толькі маленькіх чалавечкаў патрэбна амаль 10 тысяч. Да адкрыцця музея падрыхтавалі 18 макетаў. Але ў будучым экспазіцыю плануюць пашырыць да 70 экспанатаў.