Дайджэст навін рэгіёнаў

15 октября 2016

Джып-трыял у Брэсце, у сталіцы капялюшны вернісаж, а ў Магілёве рэпрадукцыі імпрэсіяністаў. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Брэст

Поўны прывад! У Брэсце прайшоў другі этап Кубка ДТСААФ па джып-трыяле. Стромкія ўздымы змяняліся рэзкімі спускамі. Каб не затрымацца на трасе, трэба рэзка круціць руль, пры гэтым уважліва сачыць за дарогай. Задача - прайсці ўсе выпрабаванні без парушэнняў. За кожную памылку штрафныя секунды. Перамагае той, хто пакажа найменшы час. На другім этапе Кубка былі прадстаўлены некалькі класаў машын: стандартныя, мадэрнізаваныя і нават сабраныя з нуля. Таксама былі і квадрацыклы. На гэтым сезон не заканчваецца. Хутка пройдзе трэці этап Кубка ДТСААФ па джып-трыяле. Арганізатары абяцаюць яшчэ больш цяжкую трасу.

Мінск

Модным акордам восені можа стаць запрашэнне на чацвёрты Міжнародны капялюшны вернісаж. Амаль 40 майстроў-дызайнераў аўтарскіх галаўных убораў, адзення і аксесуараў з Чэхіі, Расіі і Беларусі. Выстава адкрылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно ля Чырвонага касцёла. Яшчэ некалькі гадоў таму стварэнне аўтарскіх галаўных убораў можна было назваць знікаючым напрамкам, зараз гэты від мастацтва адраджаецца. З'яўляюцца новыя тэхнікі ці добра забытыя старыя – такія, як валенне воўны, фармаванне, розныя віды дэкарыравання, вязанне. Многія з экспанатаў можна прымерыць і нават набыць, але гістарычная частка экспазіцыі знаходзіцца пад шклом. Выстава працягнецца да 31 кастрычніка.

Магілёў

Ван Гог, Рэнуар, Пісаро ў Магілёве. Мастацка-адукацыйны праект “Свет імпрэсіянізму” экспануецца ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва. У экспазіцыю ўвайшлі рэпрадукцыі знакамітых палотнаў, выкананыя ў максімальна набліжанай да стылю майстроў манеры. Знакамітая “Зорная ноч” Ван Гога і яго ж “Сланечнікі” сярод рэпрадукцый 25-ці палотнаў. Побач Рэнуар, Сезан, Пісаро, Гаген. У свой час імпрэсіяністы зрабілі сапраўдны прарыў у эмацыянальным успрыняцці наваколля і адлюстраванні яго з дапамогай фарбаў. Рэвалюцыйнымі ў выяўленчым мастацтве сталі іх знакамітыя эксперыменты з колерамі. Такі мастацка-адукацыйны праект рэалізаваны ў Магілёве ўпершыню.