Дайджэст цікавых і знакавых навін з Гродзенскай вобласці

18 февраля 2017

Першая трэніроўка гродзенскіх футбалістаў пад паветраным купалам спартыўнага манежа, так званы музей сялянскай хаты, экспанаты для якога збіралі па ўсіх вёсках Гродзенскай вобласці больш за 80 гадоў. Усяго два тыдні, каб стаць экскурсаводам з афіцыйным пасведчаннем, і, нарэшце, незвычайная камп’ютарная база з так званымі адпячаткамі лап і вусоў для ветэрынараў і ўладальнікаў братоў нашых меншых – грунтоўны дайджэст самых цікавых і знакавых навін з Гродзенскай вобласці.

Расказвае Дзмітрый Смірноў. Гэты паветраны купал амаль што з касмічнымі абрысамі - ні што іншае як новы футбольны манеж у Гродне. Цяпер усе ахвочыя змогуць гуляць у мяч круглы год незалежна ад надвор’я. Тут заўсёды цёпла і камфортна. Сцены і дах трымаюць так званыя паветраапорныя канструкцыі – гэта і лягчэй за металічныя рэйкі і больш танна. Дарэчы, побач з футбольным размешчаны і хакейны манеж, пабудаваны па аналагічнай тэхналогіі. Першымі выпрабавалі зялёны газон пад белым паветраным шатром футбалісты гродзенскага клуба “Нёман”.

Пазнаёміць турыстаў з архітэктурнымі помнікамі, старажытнымі замкамі і проста цікавымі гістарычнымі фактамі. Эксклюзіўны праект прапануе Інстытут павышэння кваліфікацыі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Усяго за 2 тыдні тут рыхтуюць прафесійных экскурсаводаў і нават з афіцыйным пасведчаннем. Зараз у групе 16 навучэнцаў. Фіналам заняткаў стане экзамен-экскурсія перад сапраўднымі турыстамі.

Здаецца, у экскурсіі па Гродне можна ўключаць яшчэ адно цікавае месца – незвычайную экспазіцыю сялянскага побыту стварылі ў музеі “Гарадніца”. Экспанаты збіралі па ўсёй вобласці больш за 80 гадоў. У гэтай вясковай хаце ўсё аўтэнтычнае – мэбля, посуд і нават адзенне. Гэтыя лапці насілі, а лыжкамі сапраўды елі.

Тым часам камп’ютарныя тэхналогіі падлічаць і зарэгіструюць ўсіх хатніх гадаванцаў у Гродне. Спецыяльная электронная база даных дазволіць ветэрынарным і камунальным службам дакладна высветліць – ці прышчэплены сабака і хто гаспадар вось гэтага ката. Дапаможа яна і ў выпадку, калі жывёла згубілася – дастаткова смартфона, каб знойдзенага чатырохногага любімца вярнулі ў сям’ю. Пакуль эксперты вядуць бэта-тэсціраванне праграмы.