Брэст. Завяршэнне рэканструкцыі ЦЭЦ

24 декабря 2016

Забяспечыць цяплом і новыя мікрараёны горада. Энергетыкі Брэсцкай вобласці да свайго прафесійнага свята завяршылі рэканструкцыю адной са старэйшых электрастанцый Беларусі - Брэсцкай ЦЭЦ. Новыя магутнасці ацанілі нашы карэспандэнты.

Буйнейшы вытворца электраэнергіі ў абласным цэнтры, Брэсцкая цеплаэлектрастанцыя пабудавана ў далёкім 1938 годзе. За сваё існаванне яна зведала не адну рэканструкцыю. Але самая маштабная пачалася ў 2009 годзе. Перад энергетыкамі стаяла задача значна павялічыць долю выпрацоўкі электраэнергіі. На першым этапе замянілі турбіну. Магутнасць новай - удвая больш за старую - 12 мегават. А гэта значная эканомія паліва. Зусім інакш цяпер выглядае і галоўны шчыт кіравання.

Замену кацельнага абсталявання распачалі летам 2015-га  і сёння поўнасцю завяршылі. На месцы двух катлоў 1947 і 1948 гадоў выпуску цяпер  новы сучасны, энергаэфектыўны - прадукцыйнасцю 75 тон. У выніку  цеплавая магутнасць станцыі вырасла на трэць.

Перавагі новага катла персанал цеплаэлектрастанцыі ўжо ацаніў. Цяпер тут усё адпавядае самым сучасным стандартам.

Брэсцкая ЦЭЦ забяспечвае 80% патрэб абласнога цэнтра ў цеплаэнергіі, цеплавыя сеткі працягнуліся амаль на тры сотні кіламетраў. Сёння рэзерваў яе магутнасці хопіць, каб забяспечыць цяплом і новыя мікрараёны горада.