Беларусь адзначыла 125-ю гадавіну з дня нараджэння Максіма Багдановіча

10 декабря 2016

Юбілей знакамітага паэта, публіцыста, перакладчыка ўспаміналі і ў гродзенскім музеі Багдановіча. Сёлета самой ўстанове - 30 гадоў. Супадзенне юбілеяў стала нагодай для маштабных мерапрыемстваў.

Рэпартаж Вольгі Пілянчук. “У родным краі ёсць крыніца жывой вады. Там толькі я змагу пазбыцца сваёй нуды”.  Самота і ўспаміны аб родным краі амаль у кожным радку Максіма Багдановіча. Паэт узгадвае Гродна, дзе ён жыў маленькім з усёй сям’ёй, і дзе матуля была яшчэ побач.

Тая самая шкатулка, якую любай жонцы Марыі Апанасаўне падарыў бацька Максіма, разам з іншымі асабістымі рэчамі Багдановічаў захоўваюцца ў гродзенскім музеі. А яшчэ дакументы з сямейнага архіва, фотаздымкі, арыгінальны зборнік “Вянок”. Ёсць тут і рэчы, якія былі з паэтам на працягу ўсяго жыцця.

 Гасцёўня, пакой бацькі, маці і дзіцячы. Інтэр’ер дома, у якім чатыры гады жыў у Гродне Багдановіч, адноўлены да самых дробязяў. Нават цацкі, з якімі гуляў маленькі Максім, маюць поўнае падабенства. Створаная атмасфера з лёгкасцю пераносіць наведвальнікаў у канец 19 стагоддзя. 

У год, калі паэту спаўняецца 125, музей Багдановіча ў Гродне адзначае 30 з дня свайго заснавання. Чытанні, літаратурныя імпрэзы, музычныя праграмы і нават камп’ютарная гульня. Да юбілею супрацоўнікі музея ажыццявілі і мару паэта - паставілі батлейку. А яшчэ сабралі ўнікальную выставу карцін гродзенскіх мастакоў, якія ў розныя часы натхняліся творчасцю паэта. Галоўнае месца ў экспазіцыі займае партрэт Багдановіча. Дарэчы, аўтарства самага вядомага вобраза паэта належыць беларускаму мастаку Уладзіміру Волкаву.

Адразу пасля свята тут плануюць папоўніць экспазіцыю. Тым больш, што ў музея з’явіліся вольныя плошчы.

Літаральна нядаўна плошчы музея М.Багдановіча пашырыліся. Установа, якая раней займала 210 квадратных метраў, атрымала пакоі на першым і другім паверхах,  і такім чынам павялічылася амаль у два разы.

Новую экспазіцыю прысвецяць гісторыі Гродна канца 19 пачатку 20 стагоддзяў. Акрамя гэтага з’явіцца салон для мерапрыемстваў, выставачная і інтэрактыўная залы.