Пытанні глабальнага міру абмяркоўвалі на тыдні ў Берліне

23 октября 2016

Пытанні глабальнага міру абмяркоўвалі на тыдні ў Берліне, дзе ўпершыню сёлета сабраліся кіраўнікі дзяржаў "нармандскай чацвёркі". Ад сустрэчы не чакалі прарываў, але пэўныя зрухі ў вырашэнні ўкраінскага крызісу ўсё ж з'явіліся. Лідарам Украіны, Германіі, Францыі і Расіі ўдалося дамовіцца аб асноўных аспектах будучай "дарожнай карты" па ўрэгуляванні канфлікту. Размова ідзе аб паслядоўнасці выканання асобных пунктаў мінскіх пагадненняў - гэта пытанне выклікае больш за ўсё спрэчак. Чакаецца, што пасля распрацоўкі і ўзгаднення дакумента яго падпішуць кіраўнікі краін "нармандскага фармату". Дарэчы, ёсць верагоднасць, што на дакуменце, калі ён з'явіцца, будуць адсутнічаць подпісы Франсуа Аланда і Ангелы Меркель. У наступным годзе ў Германіі і Францыі пройдуць выбары, у выніку якіх цяперашніх кіраўнікоў дзяржаў могуць змяніць іншыя палітыкі.

Што датычыцца непасрэдна сітуацыі на ўсходзе Украіны, то яна застаецца выбухованебяспечнай. У пачатку тыдня абвастрылася супрацьстаянне ў раёне Марыупаля. Акрамя таго, кіраўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР прыгразілі Кіеву жорсткімі мерамі ў адказ на забойства палявога камандзіра Арсена Паўлава, вядомага, як Матарола. У яго смерці кіраўнікі непрызнаных рэспублік абвінавачваюць украінскую разведку. Афіцыйны Кіеў заяўляе аб сваёй недатычнасці да ліквідацыі Матаролы.

На перамовах у Берліне Франсуа Аланд, Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі і сітуацыю ў сірыйскім горадзе Алепа. На выніковай прэс-канферэнцыі гэты абмен меркаваннямі канцлер ФРГ назвала зразумелым і жорсткім. Нядаўняе наступленне войскаў Башара Асада на пазіцыі тэрарыстаў выклікала незадаволенасць у Вашынгтоне і Бруселі. ЕС і ЗША сцвярджаюць, што сірыйскія войскі і расійская авіяцыя абстрэльваюць жылыя кварталы горада і раёны, занятыя ўзброенай апазіцыяй. Масква і Дамаск у адказ заяўляюць, што іх удары накіраваныя выключна супраць баевікоў, а праамерыканская кааліцыя няздольная адмежаваць умераную апазіцыю ад радыкалаў.