У Мінску ў трохбаковай кантактнай групе бесперапынна вядзецца работа па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне

7 апреля 2019

Да тэмы, за якой увесь гэты тыдзень сачылі калі не ўсе, то вельмі многія. Украіна выбірала прэзідэнта, і мы ў чаканні другога тура галасавання. Ды ўсё ж за мішурой перадвыбарнага шоу, якое закацілі нашы паўднёвыя суседзі, немагчыма схаваць пытанне дасягнення міру і спакою.

Тым больш актуальнай успрымаецца работа, якая бесперапынна вядзецца ў Мінску ў трохбаковай кантактнай групе. Беларусь заўсёды будзе прыкладаць максімум высілкаў для ўрэгулявання канфлікту. У гэтым Кіраўнік дзяржавы ўпэўніў спецпрадстаўніка дзеючага старшыні АБСЕ ва Украіне і ў трохбаковай кантактнай групе Марціна Сайдзіка. 

Супрацьстаянне на Данбасе беларусы прынялі блізка да сэрца: мы гатовыя дапамагаць далей, бо абодва народы не чужыя адзін аднаму. Марцін Сайдзік лічыць, што мінская пляцоўка - гэта менавіта тое, што трэба, каб весці мірныя перамовы ўдзельнікам канфлікту.

Аб развіцці падзей у суседняй краіне Прэзідэнт гаварыў і на сустрэчы з украінскім палітыкам - кіраўніком палітычнага савета партыі "Апазіцыйная платформа - За жыццё". Раней Віктар Медзвядчук абяцаў, што пасля палітычнай кампаніі паведаміць Прэзідэнту Беларусі пра яе вынік. Слова сваё стрымаў - і прыехаў.

Размова пачалася з жартаўлівай ноты. Як адзначыў Віктар Медзвядчук, у яго ёсць унікальны шанц ужо зараз даведацца, хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах 21 красавіка. Нагадаем, яшчэ 1 сакавіка падчас "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" Аляксандр Лукашэнка прадказаў, што ў другі тур выйдуць Пётр Парашэнка і Уладзімір Зяленскі. Так менавіта і адбылося. 

Па выніках сустрэчы з нашым Прэзідэнтам Віктар Медзвядчук даў інтэрв'ю журналістам, дзе падзяліўся сваім бачаннем і ацэнкай палітычных падзей, якія адбываюцца ва Украіне. Пра выніковасць сустрэч трохбаковай кантактнай групы гаворыць статыстыка. Летась атрымалася істотна скараціць колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва да самага нізкага ўзроўню з пачатку канфлікту. Эксперты сыходзяцца на думцы: альтэрнатывы мінскім пагадненням няма. Як падкрэсліў Віктар Медзвядчук, якім бы ні быў вынік прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, ён ніяк не паўплывае на сённяшнія беларуска-ўкраінскія адносіны.