У чацвер у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для расійскіх рэгіянальных СМІ

20 ноября 2016

У чацвер у Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Дарэчы, мерапрыемства праводзіцца ўжо трынаццаты раз.

Упершыню аж 46 рэгіёнаў Расіі. Упершыню сярод удзельнікаў адразу 4 федэральныя тэлеканалы, а гэта амаль паўмільярда гледачоў ва ўсім свеце. І, нарэшце, упершыню заяўленыя вядучыя расійскія блогеры.

Беларусь вачамі тых, каго глядзяць, слухаюць і чытаюць сотні мільёнаў людзей па ўсім свеце. Што яны адзначылі гэтым разам? Аналізуе Андрэй Крывашэеў.

За 12 гадоў, што праводзяцца прэс-туры для нашых расійскіх калег, яны ўжо правандравалі і скурпулёзна даследавалі, мабыць, усю Беларусь. Зусім не эталонная Магілёўшчына ў містычны трынаццаты прэс-тур дасталася невыпадкова. Быў дакладны запыт журналістаў па геаграфіі. Хацелася ўбачыць непрыхарошаную рэальнасць. Для ўсходніх рэгіёнаў Расіі гэта найбліжэйшыя суседзі. Можна параўноўваць і са Смаленскам, і з Чарнігавам. Тут у Падняпроўі - малая радзіма Прэзідэнта і зноў набытае радавое гняздо Аляксандра Латышава з далёкага Татарстана.

Дарогі Прэзідэнта і расійскіх журналістаў дзіўна збліжаліся на магілёўскай зямлі, але перасекліся толькі ў Мінску. Так, у мінулую суботу лідар адкрываў новую лядовую арэну ў Шклове, а ўжо ў панядзелак лёд на ёй вывучалі нашы калегі.

Устаўшы на добры шклоўскі лёд - маментальная прапанова: менавіта тут правесці наступныя матчы саюзных дружын. Зрэшты, паралельна журналісты загадваюць, на якую адкрытасць выведуць Прэзідэнта ў шчырым дыялогу.

Адкрыта на пытанне Антонава пра Саюзную дзяржаву і тармажэнне. Няма мяжы, але ёсць армія на абароне агульных меж. Ёсць медыцына і адукацыя, але няма ўзгодненай прамысловай палітыкі. Інтэграцыю пісалі пад "тройку" з Украінай, але ўжо два дзесяцігоддзі на пару бадаемся ў гандлёвых спрэчках за нафту, газ, малако, цукар, рыбу і нават садавіну з гароднінай. Хоць у знешняй палітыцы - узорныя саюзнікі.

З новага спартыўнага комплексу выразна відаць неспартыўныя паводзіны функцыянераў ВАДА, палітызацыю допінгу і атлетычную мужнасць нашых паралімпійцаў. Пра рэзанансны вынас расійскага флага - прамое пытанне Прэзідэнту.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Гэта была дэманстрацыя нашага адзінства. Мы пайшлі з аднаго кораня. Мы - славяне. Як мы раней гаварылі, мы ж рускія людзі, у нас адзін характар, і мы павінны падтрымліваць і абараняць адно аднаго. Мы гэтым самым хацелі паказаць, што мы цалкам салідарныя з расіянамі ў плане гэтага незаконнага і няправільнага ціску з боку некаторых сіл на Расійскую Федэрацыю".

Пётр Ігнатаў, галоўны рэдактар выдання "Липецкая газета": "Разам мы моцныя - лозунг актуальны!"

Сімвалічна падобныя маршруты Прэзідэнта і прэсы ў аграрным пытанні. У суботу ў Копысі лідар навострывае на месцы стратэгію развіцця сяла. Праз два дні якасць беларускага харчавання расійскія журналісты тэсціруюць на першым малочным холдынгу. 400 відаў вырабаў, жалезны кантроль і суровая сертыфікацыя. Далей у Аляксандраўскім вывучаюць мясную вытворчасць.

"Чырвоны харчавік" - лепшая рэклама беларускай кандытарскай галіны і захаваных савецкіх ДАСТ. Гэта вам не тэхрэгламент, які дазваляе і малочныя напоі замест малака, і пальмавы алей, і хімію, і сурагаты ў дзіцячых ласунках. Асабістая дэгустацыя - як асабістая гарантыя якасці для сваёй аўдыторыі. А сумарна яна - пад паўмільярда.

Чаму ж "выдатны прадукт" тармозіцца на подступах да расійскіх прылаўкаў? Праблему эканамічнага сепаратызму Прэзідэнт прапаноўвае вырашаць дзяржаўнай воляй.

На Буйніцкім полі крышталёва зразумелая наша агульная гістарычная місія - выратаванне свету ад фашызму ў стагоддзі ХХ і барацьба з гістарычным фальсіфікатам у стагоддзі XXI.

Аб агульнай гісторыі і глыбей аб непарыўнай культурнай ідэнтычнасці пытаюць і Прэзідэнта. Ці праўда, што Беларусь адмаўляецца ад рускай мовы і літаратуры? Ці праўда, што ў рэспубліцы дзеляць на сваіх і чужых? Як дасягаецца беларуская талерантнасць і міжканфесійны мір?

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Сацапытанне - больш як 90% за выключна добрыя адносіны з Расіяй. Тут некаторыя стогнуць - мяккая беларусізацыя, як быццам гэта анямечванне, у нас няма нацыянальнага падыходу, як толькі з'явіцца - чакай бяды".

Рамзія Карымава-Байбулатава, спецыяльны карэспандэнт Башкірскага спадарожнікавага тэлебачання: "У нас больш за 100 нацыянальнасцяў, як атрымліваецца захоўваць мір?”

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Мы не пытаем пра нацыянальнасць. Кожны знойдзе сваю дарогу да храма. Жывем як адзіны народ. Адкрылі мячэць - жадаеце, схадзіце і памаліцеся".

На бабруйскай Белшыне, і магілёўскіх Тэхналіце і Ліфтмашы - уся моц прамысловай кааперацыі. Многія прывыклі, што высокія тэхналогіі - гэта Інтэрнэт, прызнаецца блогер Аляксандр Казьмін. Але яго відэа на шматтысячную аўдыторыю - і пра мірны атам, і пра космас, і пра зямныя тэхналогіі - гэта таксама вышыня, якая захоплівае гледачоў відэаблога. Хоць уразіла аўтара не столькі "жалеза", колькі бездань паміж інтэрнэт-мемам і рэальным палітыкам у асобе беларускага Прэзідэнта.

У Глабальнай павуціне ў Ігара з Пярмі рэнамэ прамысловага блогера і больш за мільён падпісчыкаў. Сам першы расійскі прамблог, хутчэй, віртуальная энцыклапедыя прамысловасці. З гэтага часу ў ёй - і пра беларускіх гігантаў. Запісы з хэштэгамі #промтурне і #республикабеларусь у сацсетках ужо праглядзелі дзясяткі тысяч чалавек.

Упершыню ў прэс-туры па Беларусі - адразу 5 блогераў. Колькасць праглядаў іх жывых часопісаў і постаў у сацыяльных медыя - мільёны за суткі. Адгэтуль цікавасць. Аб веб-залежнасці, падтрымцы ІТ і асабістых старонках у Сетцы пытаюць у Прэзідэнта. Парк высокіх тэхналогій – даражэйшы за вуглевадароды, старонка ў Сетцы - толькі адна, афіцыйная, што датычыцца залежнасці, дык яна не асабістая, а бацькаўская: малодшы сын, як і шматлікія аднагодкі, - аматар віртуальных танкаў.

Чарговы прэс-тур і шчыры дыялог з Прэзідэнтам ужо разышоўся мільённымі тыражамі ў артыкулах, тэлерэпартажах і блогах. Колькі іх яшчэ будзе па выніках чатырохдзённага турнэ па Магілёўшчыне і шасцігадзіннага марафона тэт-а-тэт?

У наша інфармацыйнае стагоддзе гэта, вядома, важна, хоць яшчэ больш важны той кавалачак Беларусі, які кожны журналіст павёз з сабою, не на дыктафоне або камеры, а ў сэрцы.