У беларускай сталіцы прайшоў 19-ы міжнародны форум "СМІ ў Беларусі"

10 мая 2015

Гэта больш за 400 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, дзясяткі прэзентацый праектаў і аўтограф-сесіі з вядомымі журналістамі. У ролі экспанентаў - газеты, часопісы, тэлерадыёхолдынгі, інфармацыйныя агенцтвы, а таксама выдавецтвы і друкарні. Дарэчы, не толькі беларускія. Тут працавалі і калегі з 12 краін свету.

Ігар Бузоўскі, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Тое, якім чынам выпрацоўваецца сёння стратэгія працы любога друкаванага выдання, электроннага СМІ, мае значэнне ўжо не для асобнага чытача, гледача або карыстальніка сеткі Інтэрнэт. Гэта мае значэнне ўжо і для бяспекі краіны, і для далейшага развіцця і ў галіне палітыкі, і ў галіне сацыяльнага развіцця, і ў галіне эканомікі".

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Судзячы па апошніх вывучэннях медыярынку, мы да 50% гэтага рынку займаем нашымі сродкамі масавай інфармацыі. Значэнне інфармацыі для чалавека вельмі важнае ва ўсе часы, а сёння гэта асабліва на першым плане, тым больш дакладнай інфармацыі, сумленнай і своечасовай інфармацыі. Усе сродкі масавай інфармацыі імкнуцца менавіта так і працаваць".

Ключавая тэма форуму - юбілей Вялікай Перамогі. Агенцтва тэленавін прэзентавала адразу некалькі буйных тэлепраектаў, сярод якіх "Лісты вайны", "Нашы ветэраны" і серыя дакументальных фільмаў "За секунду да подзвігу". Тэлеканал "Беларусь 1", у прыватнасці, праграма "Каробка перадач", падчас сваёй прэзентацыі зладзіла сапраўднае шоу. Двухразовы чэмпіён Беларусі па дрыфтынгу Аляксей Вішнеўскі на сваім легендарным спарткары прымусіў у літаральным сэнсе затаіць дыханне ўсіх гасцей медыяфоруму.