У Беларусі адзначаюць Дзень пісьменства

6 сентября 2015

Сёння яшчэ і Дзень пісьменства, што не пазбаўлена пэўнага сімвалізму тыдня, які прайшоў пад знакам  ведаў. Шчучын стаў 22-й  сталіцай свята беларускага слова. Свае віншаванні гасцям і ўдзельнікам фестывалю накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Каранямі свята сыходзіць у 1994, калі першую нядзелю верасня афіцыйна зацвердзілі Днём беларускага пісьменства. Традыцыйна да гэтага моманту горад - сталіца свята -  прыкметна змяняецца. У Шчучыне да Дня пісьменства пасля амаль гадавой рэканструкцыі адкрылі былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Адрэстаўравалі бібліятэку імя Цёткі - пісьменніцы Элаізы Пашкевіч, а таксама раённы Дом культуры і гарадскую набярэжную.  Сёлета на свята прыехалі каля 10 тысяч чалавек. І жыхары, і госці фестывалю пісьменства падкрэсліваюць унёсак Беларусі ў захаванне ўласных культурных традыцый, а таксама паважлівае стаўленне да  дасягненняў іншых краін і народаў.

І яшчэ адна традыцыя Дня беларускага пісьменства сёння атрымала працяг - названы імёны пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Імі сталі 6 аўтараў. Усяго на конкурс было заяўлена 45 прац.