Гэты тыдзень упрыгожыла выдатнае свята - Дзень маці

16 октября 2016

Гэты тыдзень упрыгожыла выдатнае свята, якое заўсёды адзначаюць з цеплынёй. Гэта, вядома, Дзень маці! Так супала, што менавіта ў гэтыя дні ў ААН у якасці ганаровага пасла па барацьбе за правы і магчымасці жанчын і дзяўчынак прызначылі Цуд-жанчыну (Wonder Woman) - персанаж коміксаў. У гэтым і мы для сябе ўгледзелі сімвал. Часам мамам, каб паспець усё, што яны робяць, трэба здзейсніць тое, што з боку вельмі падобна да цуду.

І мы вам гэтую думку зараз навочна прадэманструем. Прычым у лічбах. Пачнем з агульнага. У нашай краіне - 5 776 000 жанчын. Сярэдні ўзрост, у якім беларуска становіцца мамай, - амаль 29 гадоў. Летась нарадзілася 119 000 дзяцей - менавіта 2015 стаў рэкордным для краіны. За гэты ж перыяд, у параўнанні з папярэднімі, павялічылася колькасць нараджэння двайнят і трайнят. Пры гэтым колькасць абортаў у нашай краіне памяншаецца.

У свеце налічваецца каля двух мільярдаў мам. У развітых краінах сучасныя мамы маюць дваіх дзяцей, у 50-х гадах мінулага стагоддзя на кожную маці ў сярэднім прыпадала больш як тры дзіцяці, а для параўнання ў XVIII стагоддзі - 7-10 дзяцей.

Ёсць і такая статыстыка. У сярэднім маме неабходна ўсяго 2 хвіліны 5 секунд, каб змяніць пялёнкі свайму дзіцяці. Бацькі трацяць на 1 хвіліну 36 секунд больш. Цікава, што слова "мама" амаль на ўсіх мовах свету гучыць практычна аднолькава.

Зараз пра рэкорды. Самая вялікая колькасць дзяцей, народжаных адной жанчынай, - 69. Жонка рускага селяніна Фёдара Васільева нараджала 27 разоў, пры гэтым у яе было 16 двайнят, 7 трайнят і 4 разы па 4 блізняты.

Самая старая маці ў сучаснай гісторыі - індыянка Раё Дэві Лохан, якая нарадзіла сваю дачку ў 70 гадоў. Маці, якая нарадзіла самае цяжкае дзіця, - Кармеліна Федэле з Італіі. У 1955 годзе з'явіўся на свет яе малыш вагай больш за 10 кілаграмаў. Вось ужо сапраўды - волат!

Еўрапейская грамадская арганізацыя "МаМа" правяла даследаванні і высветліла, што жанчына, якая "сядзіць дома" з дзіцем, насамрэч праходзіць за дзень 40 кіламетраў, выконваючы да 200 спраў. Для параўнання, традыцыйная марафонская дыстанцыя складае 42 кіламетры.