З 1 студзеня 2016 года прадпрымальнікам прыйдзецца гандляваць па-новаму

29 ноября 2015

Тэрміналы для безнаяўных разлікаў, сертыфікаты якасці і галоўнае - дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць увозу тавару. У першы дзень новага года прадпрымальнікам прыйдзецца гандляваць па-новаму, адтэрміновак больш не будзе. Дарэчы, дата ікс з'явілася ў выніку кампрамісу - прадпрымальнікам дазволілі распрадаць рэшткі тавару і далі амаль паўтара года, каб перавесці свой бізнес на новыя рэйкі.

Хто прыняў правілы гульні, чаму частка прадпрымальнікаў дагэтуль працівіцца новаўвядзенням і калі базар ператворыцца ў цывілізаваны рынак?

Аргументы бакоў выслухала Антаніна Станкевіч. 

Кожны дзень прадпрымальнікі буйнога сталічнага рынку збіраюцца на нараду. Пытанне на парадку дня ўжо некалькі месяцаў запар адно і тое ж: як працаваць далей? З 1 студзеня ў сілу ўступаюць новыя правілы гандлю. Некаторыя прадпрымальнікі ўпэўненыя: у такіх умовах дробнарознічнаму гандлю не выжыць.

Прадпрымальнік Алег Кароль тлумачыць. Сёння галоўным каменем спатыкнення стала новае патрабаванне: пацвярджаць паходжанне тавару. Логіка заканадаўцаў такая: прынцып "купіць незразумела што і незразумела дзе танней, а прадаць даражэй" павінен застацца ў 90-х. У прадпрымальнікаў свае аргументы: разлічваць на прыстойнасць пастаўшчыкоў не заўсёды магчыма.

Алег Кароль, індывідуальны прадпрымальнік: "Закон прадугледжвае штрафныя санкцыі да прадпрымальніка, які заявіў тут і аплаціў увазны падатак на дабаўленую вартасць. Ён нясе поўную адказнасць за тое, што гэты дакумент мае фіскальную частку і ў Расіі. І тут вельмі тонкая мяжа, у дадзеным выпадку адказнасць за трэцюю асобу".

Іншымі словамі, контрагент у Расіі ў любы момант можа не пацвердзіць факт здзелкі з беларускім прадпрымальнікам. У выніку - парушэнне артыкула Адміністрацыйнага кодэкса, штраф і канфіскацыя тавару. У падатковай інспекцыі па Мінску тлумачаць: пры легальных здзелках такая сітуацыя немагчымая ў прынцыпе.

Валерый Манцэвіч, намеснік начальніка аддзела інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Мінску: "Расійскія плацельшчыкі працуюць у адпаведнасці з заканадаўствам, маюць адпаведныя ўліковыя дакументы і адпаведнае касавае абсталяванне, зарэгістраванае ў сістэме. Таму, калі загадзя ставіць сабе мэту купіць танней, дзе такіх дакументаў не будзе, то такі вынік і будзе".

Да першага дня новага года прадпрымальнікам неабходна вывесці з абарачэння і рэшткі тавараў, якія былі ўвезеныя ў краіну па старых правілах. Прадаць іх пасля 1 студзеня ўжо будзе нельга.

Дата ікс - 1 студзеня 2016 года - з'явілася ў выніку адтэрміноўкі: фактычна прадпрымальнікам далі амаль паўтара года, каб перавесці свой бізнес на іншыя рэйкі і прыняць новыя правілы гульні. У краіне прыкладна 80 тысяч прадпрымальнікаў, занятых у сферы рознічнага гандлю. Прыкладна палова з іх ужо сталі гандляваць па-новаму.

Варыянтаў у прадпрымальнікаў некалькі. Можна знайсці добрасумленнага пастаўшчыка, і гэта, бадай, самае балючае пытанне. Варыянт нумар два - набываць тавар з усімі неабходнымі дакументамі на беларускіх аптовых базах. Прадпрымальнік Мікалай Валчкоў, які гандлюе роднымі дробязямі для дома, а таксама пасцельнай бялізнай, так і робіць.

Яшчэ адно спрэчнае пытанне - наяўнасць тэрміналаў для безнаяўнага разліку. Прадпрымальнік Святлана, якая гандлюе ўпрыгажэннямі, прыняла рашэнне набыць тэрмінал ва ўласнасць. Калі браць прыстасаванне ў арэнду, то кожны месяц даводзіцца плаціць за абслугоўванне, а таксама за месяц праводзіць па безнаяўным разліку даволі вялікую суму. З улікам фармату гандлю і невялікага абароту прадпрымальнік вырашыла, што ўласны тэрмінал будзе каштаваць танней. Жанчына прызнаецца: выкласці адразу кругленькую суму (на той час амаль тысячу долараў у эквіваленце) было няпроста. Аднак такое набыццё разглядае як інвестыцыю ў свой бізнес.

У аддзеле прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама не ўтойваюць: новыя правілы палохаюць многіх іпэшнікаў. За апошні месяц тут фіксуюць узрослую колькасць званкоў і зваротаў з просьбай растлумачыць новыя правілы. Час для кансультацыі знаходзяць для кожнага.

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін адзначае: прадпрымальнікі - людзі самазанятыя. Ва ўмовах падзення пакупніцкага попыту у часткі з іх па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах можа не атрымацца працаваць па новых правілах. А таму падыход да кожнага павінен быць індывідуальным. Тут можа спатрэбіцца міжнародны вопыт, бо амаль ва ўсіх краінах-суседзях гэты хваравіты этап ужо пройдзены.

Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва: "Усе простыя рашэнні ўжо прынятыя, далей пойдуць складаныя. Напрыклад, пасадзіць іпэшнікаў за парты і навучыць іх. У Германіі так зрабілі - год навучалі прадпрымальнікаў, якія страцілі рабочыя месцы. Яны год падладжваліся пад запатрабаванні рынку. У кагосьці не хапае інтуіцыі, ім трэба падказаць, чым заняцца".

Да ўступлння новых правіл у сілу застаецца месяц. За гэты час прадпрымальнікам і заканадаўцам неабходна знайсці разумны кампраміс. Каб вырашаць праблему разам.