Расія заявіла, што выходзіць з Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе

15 марта 2015

На тыдні Расія заявіла аб тым, што выходзіць з Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. З просьбай прадстаўляць яе інтарэсы ў асаблівай кансультатыўнай групе Масква звярнулася да афіцыйнага Мінска. Пагадненне, якому ўжо чвэрць стагоддзя, галоўнай мэтай ставіць абмежаванне ўзброеных сіл на еўрапейскім кантыненце. Аднак, на думку Крамля, краіны НАТА абыходзяць палажэнні Дагавора за кошт пашырэння альянсу. Нюансы ДЗУСЕ, яго адаптацыю да новых умоў і асноўныя супярэчнасці прааналізаваў Юрый Казлоў.

Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе быў падпісаны ў 1990 годзе прадстаўнікамі 16 краін-членаў НАТА і 6 дзяржаў Арганізацыі Варшаўскай дагавора.

Дакумент ураўнаважваў колькасць узброеных сіл двух блокаў і абмяжоўваў магчымасці размяшчэння танкаў, бронемашын, артылерыі на лініі сутыкнення двух геапалітычных цэнтраў Еўропы. Галоўная мэта пагаднення - не дазволіць патэнцыйнаму саперніку сабраць сілы для раптоўнага нападу. Для гэтага Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе - або ДЗУСЕ - уводзіў так званыя блокавыя квоты.

Гэта ліміты на сумарную колькасць адзінак баявой тэхнікі, якая магла знаходзіцца на ўзбраенні НАТА або краін Варшаўскага пагаднення на тэрыторыі ад Атлантычнага акіяна да Уральскіх гор. Першапачаткова квоты выглядалі наступным чынам - не больш як 40 тысяч танкаў, 60 тысяч бронемашын, 14 тысяч самалётаў і чатыры тысячы верталётаў.

Але да моманту ўступлення дакумента ў сілу расклад у Еўропе кардынальна змяніўся. СССР распаўся, Арганізацыя Варшаўскага дагавора была адменена. НАТА пачало пашырацца на ўсход.

ДЗУСЕ неаднаразова спрабавалі адаптаваць да новых умоў. Апошнія змяненні ў дагавор былі ўнесеныя 16 гадоў таму ў Стамбуле. У прыватнасці, палітыкі адмянілі блокавую сістэму квот і ўвялі нацыянальныя ліміты. Тым не менш, па шэрагу прычын, змены так і не ўступілі ў сілу. Адаптаваны дакумент падпісалі 30 дзяржаў, але ратыфікавалі толькі 4 - Беларусь, Украіна, Расія і Казахстан. Новыя члены НАТА - Латвія, Літва і Эстонія - ад далучэння да ДЗУСЕ наогул адмовіліся, зрабіўшы Дагавор практычна бессэнсоўным.

З-за гэтага ў 2007 годзе Крэмль увёў мараторый на выкананне сваіх абавязальніцтваў у рамках ДЗУСЕ. На тыдні Расія і зусім заявіла аб выхадзе з дагавора. Масква звярнулася да афіцыйнага Мінска з просьбай прадстаўляць яе інтарэсы ў спецыяльнай кансультатыўнай групе. Беларусь пагадзілася і выказала спадзяванне, што дыскусіі па Дагаворы адновяцца.

Зрэшты, пакуль замест працягу перамоў па абмежаванні наступальных узбраенняў адбываецца імклівая мілітарызацыя Усходнееўрапейскага рэгіёна.

У 2011 годзе, на ўзбраенні краін НАТА - без уліку Вялікабрытаніі і ЗША - налічвалася больш як 11 тысяч танкаў, 22 тысячы бронемашын, каля 4 тысяч баявых самалётаў. Ваенны патэнцыял Расіі, паводле афіцыйных даных, утрая менш. Больш за тое, Альянс прадаўжае нарошчваць сілы ва Усходняй Еўропе. Літва аднаўляе заклік на воінскую службу. У Латвію на днях прыбыла 120 адзінак ваеннай тэхнікі з ЗША - гэта танкі "Абрамс" і БМП "Брэдлі". Фармальна амерыканскія бронемашыны будуць удзельнічаць у вучэннях на тэрыторыі краін Балтыі, але пасля заканчэння манеўраў застануцца ў рэгіёне разам з амерыканскім кантынгентам. Павялічваецца і колькасць баявых самалётаў, якія нясуць дзяжурства ў небе над Літвой, Латвіяй і Эстоніяй. Улады Польшчы тым часам анансавалі маштабную праграму пераўзбраення нацыянальнай арміі. У прыватнасці, Варшава мае намер выдзеліць 4 мільярды долараў на стварэнне новай сістэмы ППА. Таксама Мінабароны краіны мае намер вывучыць тэхналогію вытворчасці ракет Patriot, каб рабіць іх на польскіх прадпрыемствах. Фінальным акордам новай гонкі ўзбраенняў можа стаць стварэнне адзінай арміі Еўрасаюза - з такой ініцыятывай выступіў кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер. Ідэю фарміравання агульнаеўрапейскіх узброеных сіл ужо падтрымалі ўлады Германіі і Фінляндыі.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя