Прэзідэнт на тыдні абмеркаваў з кіраўніцтвам урада працу прадпрыемстваў

10 февраля 2019

І яшчэ адна знакавая сустрэча на вышэйшым узроўні. Першая сёлета зверка гадзіннікаў Прэзідэнта з кіраўніцтвам урада датычылася працы прадпрыемстваў, міжнароднага супрацоўніцтва і паляпшэння дзелавога клімату. 

Нарады з эканамічным блокам праходзяць рэгулярна. Гэта магчымасць напрамую, без апаратнага фільтра, прайсціся па ўсіх пытаннях, якія патрабуюць абмеркавання. На гэты раз на парадку быў сур'ёзны пакет законапраектаў. Улічваючы, што ён закранае вялікае кола інтарэсаў, да размовы далучыліся кіраўнікі парламента, Камітэта дзяржкантролю, Адміністрацыі Прэзідэнта і іншыя.

Як павысіць эфектыўнасць працы прадпрыемстваў? У цяжкую хвіліну дзяржава падстаўляе плячо, але разлічваць на пастаянную фінансавую падтрымку і пры гэтым бяздзейнічаць, мякка гаворачы, недальнабачна для кіраўнікоў. 

Тут прынцыповая пазіцыя Кіраўніка дзяржавы нязменная - калі ёсць падтрымка, патрэбны вынік. 

Як гаворыцца, трэба даць вуду, а не рыбу... Што датычыцца бізнес-працэсаў, то апошнім часам у Беларусі ўпэўнена ідуць па шляху лібералізацыі. Летась у штогадовым рэйтынгу Doing Business  палепшылі пазіцыі - падняліся на 37 месца. Прасунуцца ўверх дазволілі спрыяльныя ўмовы па рэгістрацыі ўласнасці, міжнародным гандлі і атрыманні дазволаў на будаўніцтва. 

Як яшчэ падтрымаць дзелавую ініцыятыву і павысіць інвестыцыйную прывабнасць краіны, таксама абмяркоўвалі на нарадзе. Першы віцэ-прэм'ер анансаваў прыняцце дакументаў, накіраваных на тое, каб Беларусь замацавала імідж дзяржавы, прывабнай для бізнесу. 

Глабальная задача - павысіць канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі. Ды і ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, разлічанай да 2020 года, паляпшэнне дзелавога асяроддзя - у ліку прыярытэтаў.