Востраў свабоды. Куба сённяшняя

17 мая 2015

Куба, падобна, стала на шлях, які ўжо вельмі хутка можа змяніць яе аблічча да непазнавальнасці. Пасля амаль гістарычнага поціску рукі Абамы і Кастра пачалося дыпламатычнае пацяпленне і настойлівыя разважанні пра поўную адмену эмбарга, якое на паўстагоддзя закансервавала развіццё гэтай лацінаамерыканскай краіны. Зрэшты, нягледзячы на шырокія жэсты палітыкаў, эканоміка - сфера куды празаічнейшая. Тут толькі добрай волі не хопіць. Так што шлях да новых адносін яшчэ толькі трэба пракласці. Як гэта будзе, пакажа час, а пакуль - Куба сённяшняя. 

Чым жыве Востраў свабоды ў ХХІ стагоддзі? Нарыс Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Англічане, французы, немцы, канадцы, беларусы, рускія, венесуэльцы, аргенцінцы і нават японцы - сёлета "ФітКуба" сабрала больш за 200 журналістаў з усяго свету. Міжнародны кірмаш турызму праходзіць ужо 35-ы раз. І ўся гэтая брація, якая піша, здымае і фатаграфуе, прыязджае на Востраў свабоды, каб распавесці і паказаць у сябе ў краінах гэты, як пісаў Эрнэст Хемінгуэй, рай на зямлі.

Куба - самы вялікі востраў Карыбскага басейна. Знешне нагадвае вялізную яшчарку. З усіх бакоў апраўлены беласнежнымі пясчанымі пляжамі, а выкупацца можна адразу ў двух акіянах: Ціхім і Атлантычным - і Карыбскім моры. Гэта прыцягвае сюды сотні тысяч турыстаў з усяго свету. Толькі мінулым летам тут адпачылі больш як тры мільёны чалавек.

Турыстычны бізнес - аснова прыбытку краіны. Таму працаваць у гэтай сферы прэстыжна і выгадна. Каб стаць гідам, Даіланіс Сантас спецыяльна вывучыла рускую мову. І ўжо больш за 10 гадоў суправаджае турыстаў з краін былога сацлагера. Афіцыйная зарплата - больш за 30 еўра за месяц, для Кубы вышэй за сярэдняе. Плюс чаявыя ад турыстаў.

На Кубе трэба памятаць пра тое, што турыстычнае жыццё і жыццё звычайных кубінцаў кардынальна адрозніваецца. У краіне ходзяць дзве нацыянальныя валюты - песа і кук. Першыя жывуць у кашальках мясцовага насельніцтва. Другія выкарыстоўваюць турысты. Адзін кук роўны аднаму еўра. Зняць кватэру ў Гаване з выглядам на Малекон - гэта вядомая набярэжная – будзе каштаваць прыкладна 20 кукаў за суткі. Гатэлі даражэйшыя - ад 50 да 300 кукаў за дзень. Залежыць ад узроўню гасцініцы. Падчас пражывання ў нумары вы забяспечаныя гарачай вадой і трохразовым харчаваннем. Амаль усюды дзейнічае сістэма "ўсё ўключана". А вось дастаць прадукты ў горадзе будзе складаней. На Кубе дагэтуль рыс, фасоль, алей, сухое малако, цукар і іншыя прадукты першай неабходнасці можна купіць толькі па картках. Малако выдаюць бясплатна дзецям да 6 гадоў. І хоць у краіне забаронены прыватны гандаль морапрадуктамі і ялавічынай, на рынках з-пад крыса можна дастаць усё.

Сёння на Кубе ў асноўным адпачываюць турысты з Канады, Англіі і паўднёваамерыканскага рэгіёна - гэта Аргенціна, Бразілія, Венесуэла, Панама. Праз крызіс колькасць расіян паменшылася больш як на палову. Беларусы тут таксама нячастыя госці. Але ў апошнія гады колькасць турыстаў з нашай краіны расце. Мінск і Гавана не страцілі гістарычныя сувязі, якія склаліся яшчэ ў часы СССР, і на сучасным этапе будуюць моцныя палітычныя і эканамічныя адносіны.

У 2012 годзе ў рамках лацінаамерыканскага турнэ Аляксандр Лукашэнка наведвае Кубу. Візіт быў нядоўгі, але змястоўны. Стаўленне да беларускай дэлегацыі нават выйшла за рамкі пратаколу. Рауль Кастра асабіста праводзіць беларускага калегу ў аэрапорт.

Па выніках перамоў падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, ахове здароўя, навуцы. Таксама Беларусь прапанавала Кубе дапамогу ў стварэнні сучасных камп'ютарных сістэм, праграмнага забеспячэння і падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў. Справа ў тым, што на Кубе няма хуткаснай інтэрнэт-лініі. Востраў карыстаецца дарагой спадарожнікавай сувяззю. Таму хуткасць вельмі марудная, і выхад у віртуальную прастору даступны нямногім.

Алексіс Энрыке Гомес, галоўны рэдактар часопіса EL Viajero, Калумбія: "Сёння сітуацыя на Кубе, з майго пункта погляду, змяняецца. Асабліва ў эканоміцы. Жыццё кубінцаў паляпшаецца, ім дазволілі займацца прыватным бізнесам, адкрываць кафэ, рэстаранчыкі, невялікія крамы, здаваць кватэры, купляць нерухомасць. Мне падаецца, хутка Куба зробіць рывок у сацыяльным і эканамічным развіцці".

Пра тое, што Куба стаіць на парозе вялікіх перамен, гавораць шматлікія факты. 11 красавіка гэтага года на сёмым саміце Амерык лідары Кубы і ЗША ўпершыню правялі перамовы пасля 50 гадоў халоднай вайны. Поціск рукі Кастра і Абамы многія назвалі гістарычным. Перад тэлекамерамі прэзідэнт ЗША прызнае, што палітыка жорсткай ізаляцыі ў дачыненні да Кубы апынулася неэфектыўнай. Злучаныя Штаты дазваляюць сваім грамадзянам наведваць Востраў свабоды і плануюць адкрыць пасольства ў Гаване.

Антуан Элізер, кіраўнік турыстычнага часопіса, Францыя: "Калі адкрыццё меж Кубы для амерыканцаў прынясе кубінцам лепшае жыццё - гэта добра. Але я спадзяюся, што, калі амерыканцы сюды прыйдуць, яны не ператвораць Кубу ў вялікі "Макдональдс".

Алексіс Энрыке Гомес, галоўны рэдактар часопіса EL Viajero, Калумбія: "Я думаю, што нават з прыходам сюды амерыканскіх інвестараў Куба захавае сваю самабытнасць і адносіны з былымі краінамі сацлагера, такімі як Беларусь, Расія і Украіна".

Яшчэ адна гістарычная сустрэча адбылася на гэтым тыдні ў Гаване. Упершыню за 100 гадоў Кубу наведаў кіраўнік Францыі. Франсуа Аланд правёў перамовы з Раулем і Фідэлем Кастра і стаў першым прадстаўніком французскай улады, які за апошняе стагоддзе наведаў Востраў свабоды з афіцыйным візітам.

Франсуа Аланд, прэзідэнт Францыі: "Францыя будзе дамагацца адмены ўсіх мер, якія нанеслі вялікія страты развіццю Кубы. Я заклікаю ЗША адмяніць эмбарга на гандаль, якое пакуль яшчэ застаецца. Таксама хачу паведаміць, што Францыя плануе павялічыць удвая колькасць стыпендый для студэнтаў з Кубы, якія вучацца ў нас у краіне".

А пакуль вакол кіпяць палітычныя пачуцці, простыя кубінцы жывуць у сваім звыклым павольным рытме. П'юць каву, павольна прагульваюцца па бульвары Прада, гуляюць з дзецьмі, назіраюць за прахожымі з балкончыкаў кватэр. Ніякія перамены не змогуць адняць у іх унутранага адчування волі - гэта тут у крыві.