Пра важныя падзеі тыдня глядзіце ў "Галоўным эфіры"

24 июня 2018

"О спорт, ты - мір", - гаварыў заснавальнік сучаснага алімпійскага руху барон П'ер дэ Кубертэн, маючы на ўвазе "мір" як "адсутнасць вайны". Калі спаборнічаюць спартсмены - гарматы маўчаць.

Але спорт сёння - гэта і тое, што аб'ядноўвае ўвесь свет. На тыдні ўся планета працягвала сачыць за футбольнымі баталіямі на чэмпіянаце свету ў Расіі. А ў Мінску адкрылі абноўлены стадыён "Дынама". Праз год тут стартуе кантынентальнае першынство - ІІ Еўрапейскія гульні, удзел у іх прымуць атлеты з 50 краін. Дарэчы, замежныя балельшчыкі змогуць прыехаць на гульні без віз. Так Беларусь усё больш адкрываецца свету.

Адыходзячы тыдзень нагадаў, як важна захоўваць мір у тым самым, прамым сэнсе слова. 22 чэрвеня - журботная дата ў гісторыі нашай краіны. І хоць з пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшло ўжо амаль восем дзесяцігоддзяў, мы добра памятаем яе ўрок: каб заставацца незалежнымі, порах трэба трымаць сухім. Напярэдадні ў Мінску прайшла першая рэпетыцыя ваеннага парада да Дня Незалежнасці.

А на наступным тыдні мы будзем успамінаць яшчэ адну сумную старонку гісторыі. 29 чэрвеня тут, у Трасцянцы, запланавана адкрыццё мемарыяла ў памяць аб ахвярах нацызму. Комплекс пачалі ўзводзіць яшчэ 10 гадоў назад на месцы былога канцлагера - самага буйнога на тэрыторыі СССР. За гады вайны тут забілі больш за 200 тысяч чалавек - не толькі савецкіх жыхароў, але і грамадзян некаторых еўрапейскіх краін. Памяць аб той трагедыі аб'ядноўвае нашы народы.

Дарэчы, пра аб'яднанне, агульныя інтарэсы на тыдні гаварылі і ў Палацы Незалежнасці ў Мінску на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы і на сустрэчы з высокімі прадстаўнікамі Еўрасаюза.

Усе падрабязнасці мы, Паліна Шуба і Максім Угляніца, раскажам ужо зараз у "Галоўным эфіры".