На тыдні краіна ўспамінала трагічную дату выбуху ў мінскім метро

16 апреля 2017

Часам шматлікія канфлікты і гарачыя пункты на планеце распаляюцца да мяжы, і падаецца, страшнае рэха гучыць ужо дзесьці побач. Мір і стабільнасць - тое, што асабліва шануюць у нашай краіне, бо ўвесь цяжар і боль 6 гадоў таму на сабе прачулі і беларусы. Трагічную дату выбуху ў мінскім метро на гэтым тыдні ўспамінала ўся краіна.

У Беларусі вывучылі гэты жорсткі ўрок. У краіне павінна быць створаная новая сістэма маніторынгу. Па сутнасці, абагульненая сістэма відэаназірання, аналагічная сістэмам у самых вялікіх мегаполісах свету. Наша здымачная група адправілася і пад зямлю, і на самы верх, каб сабраць разам агульную карціну міру і бяспекі.

Прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна адным з першых атрымлівае інфармацыю пра любы экстранны выпадак у падземцы. Гэта не капрыз, а неабходнасць. Бо аператыўнае каардынаванне - адна з асноў сістэмы бяспекі.

Андрэй Кузьмін, прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна: 

"Так, адной з пераваг гэтай аб'ёмнай, вялікай сістэмы відэаназірання з'яўляецца магчымасць аператыўна паінфармаваць пра тое або іншае здарэнне экстранныя службы гарадскія, такія як упраўленне МНС, упраўленне ўнутраных спраў метрапалітэна, гарадское ўпраўленне ўнутраных спраў, а таксама працаўнікоў хуткай дапамогі".

Эпіцэнтрам, куды сцякаецца ўся інфармацыя, лічыцца гэты сітуацыйны цэнтр метрапалітэна. Працаваць у поўным аб'ёме ён пачаў у верасні мінулага года. Два аператары і дзяжурны кругласутачна сочаць за ўсім, што адбываецца ў падземцы. Больш за дзве тысячы камер - і цёмных плямаў у мінскім метро няма.

Падземны мурашнік штодня абслугоўвае больш як восемсот тысяч пасажыраў. Іх бяспека - першарадная задача. Відэаназіранне дазваляе яшчэ на ўваходзе вылічыць падазроную асобу або выявіць падазроны прадмет.

За мінулыя 6 гадоў сістэма назірання і бяспекі памяняла і аблічча, і змест. Неабходнасць развіцця прадыктавала само жыццё пасля трагедыі 11 красавіка 2011 года. Тэракт забраў жыцці 15 чалавек, яшчэ больш за 200 атрымалі раненні. Менавіта аналіз запісаў камер відэаназірання дазволіў вылічыць падазроных.

Комплекс мер бяспекі ў метро - не панацэя, гавораць спецыялісты. Падмануць пры жаданні можна любую сістэму. Тым не менш відэаназіранне - гэта вельмі дзейсны метад у прафілактыцы злачыннасці. Паводле статыстыкі, у 90 працэнтах выпадкаў злачынцаў спыняе менавіта ўсёвідушчае вока.

Адзін з апошніх прыкладаў, праўда, негатыўных, - серыя крадзяжоў у Мінскім раёне: злодзеі за ноч абчысцілі тры гандлёвыя пункты. Нідзе ахоўных сістэм не было. А вось іншы прыклад. Панажоўшчына патрапіла ў камеры назірання выпадкова. Канфлікт паміж групай маладых людзей і мужчынам успыхнуў нечакана ў пасёлку Гатава пад Мінскам. Запіс апублікавалі ў СМІ, што і дапамагло знайсці падазронага.

Аляксей Мажэйка, праект-менеджар кампаніі па ўсталёўцы ахоўных сістэм: 

"На сённяшні дзень абсталяванне мае вельмі гнуткую цэнавую палітыку, таму я не скажу, што гэта вельмі выдаткова. У першую чаргу трэба думаць пра бяспеку: уласную, бяспеку тых, што знаходзяцца на аб'екце, у магазіне - дзе б тое ні было, - людзей. Прадухіляць спрэчныя сітуацыі дазваляе сістэма відэаназірання. Лічу, што гэтыя выдаткі апраўданыя".

Мала хто спрабаваў падлічыць сабекошт раскрытага злачынства. Паводле некаторых звестак, толькі выезд на месца здарэння - не важна, ці то забойства або крадзеж - ацэньваецца на тысячу долараў. Пачынаючы ад амартызацыі транспарту, сканчаючы аплатай кваліфікаванай працы следчага і судмедэксперта.

Паказчыкам у гэтым плане лічыцца Лондан, дзе на сістэму відэаназірання яшчэ ў пачатку 2000 гадоў было выдаткавана 400 мільёнаў бюджэтных фунтаў стэрлінгаў.

Аналагічная сістэма ў бізнес-цэнтры Даласа ацэньваецца амаль на мільён. Пры гэтым выдаткі на эксплуатацыю адной тэлекамеры ў ЗША складаюць прыкладна 12$ за месяц.

Аляксандр Купчэня, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінска:

"Тэрыторыя тых аб'ектаў, дзе ўсталяваная сістэма відэаназірання, менш за ўсё трапляе ў нашы міліцэйскія зводкі. За два месяцы гэтага года з дапамогай сістэмы відэаназірання было раскрыта больш за 60 злачынстваў".

Сістэма відэаназірання ў Мінску працуе 7 гадоў, была за гэты час мадэрнізаваная, зараз аб'ядноўвае больш за 4 000 камер. Але надышоў час развівацца далей. Пасля нарады ў Кіраўніка дзяржавы прынята рашэнне аб стварэнні рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Сёлета 4 000 аб'ектаў могуць да яе падлучыцца.

У планах абсталяваць грамадскі транспарт унутранымі камерамі назірання. Эксперымент ужо працуе ў метро. Таксама хочуць вывесці карцінку анлайн на манітор. Тады сістэма бяспекі будзе ў поўным узбраенні. А гэта складзе нязручнасці толькі злачынцам.