На тыдні прадстаўленыя сем новых старшыняў райвыканкамаў

13 августа 2017

Тэма ўборачнай застанецца ў цэнтры нашай увагі і на наступным тыдні. Тым больш, яна абяцае быць напружанай. Нагадаем, перад аграрыямі стаіць задача завяршыць кампанію да 20 жніўня. Нашы журналісты будуць сачыць за тым, як ідзе ўборка ўраджаю, якія тут ёсць поспехі і недахопы.

Праблемы, што перашкаджаюць удаламу правядзенню ўборачнай-2017, раней абмяркоўвалі і на селектарнай нарадзе ў Прэзідэнта. Сярод такіх пытанняў, якія патрабуюць самага аператыўнага вырашэння, апынулася кадравае. І вось менш чым праз тыдзень прадстаўленыя адразу сем новых старшыняў райвыканкамаў.

Кіраўнік Аршанскага раёна зараз Аляксандр Пазняк, экс-памочнік Прэзідэнта па ўсёй Віцебскай вобласці. Кіраванец высокага ўзроўню, бо ўчастак - адзін з самых складаных, улічваючы, як актыўна апошнім часам узяліся за мадэрнізацыю Аршанскага краю. Алег Мацкевіч зараз першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама. А ў Салігорскім раёне будзе кіраваць Алег Паскробка - да гэтага ён быў першым намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ён, верагодна, працягне працу і ў складзе групы па рэформе ЖКГ. Два новыя кіраўнікі раёнаў у Брэсцкай вобласці. Яшчэ два - у Магілёўскай.

Нагадаю, да 1 кастрычніка ў мясцовых кіраўнікоў адмысловыя паўнамоцтвы. Так, рашэнні па ўборачнай, якія прымаюць на ўзроўні старшыні райвыканкама, можа аспрэчыць толькі губернатар. Галоўнае - не баяцца прымаць рашэнні. Такі асноўны пасыл Прэзідэнта новым кадрам.

Усяго ж новыя пасады атрымалі 18 чалавек. Гэта кіраўнікі мясцовага ўзроўню, органаў дзяржкіравання і найважнейшых арганізацый. Прызначэнні, вядома, зробленыя не толькі зыходзячы з запатрабаванняў уборачнай, гэта значыць сённяшняга дня. Галоўная задача - на перспектыву, і аб гэтым таксама гаварыў Прэзідэнт: падняць на прынцыпова новы ўзровень якасць жыцця людзей у зоне адказнасці кожнага кіраўніка.