На тыдні Беларусь адзначыла журботны юбілей. 30 гадоў Чарнобылю

1 мая 2016

Менавіта так - без лішніх слоў. Таму што за ўсе гэтыя гады слоў было так шмат, каб перадаць, па сутнасці, невымоўнае. Каму-каму, а беларусам аб гэтым расказваць сапраўды не трэба. Лепш за ўсякія эпітэты вось гэтая карціна. "Маці Чарнобылю" працы Віктара Шматава. Яна выстаўленая ў будынку Еўрапарламента ў Бруселі. Для людзей, якія гавораць на розных мовах, не патрэбен пераклад, каб зразумець сутнасць усёй трагедыі, якую перажыла Беларусь.

Штогод рэгіёны Беларусі, пацярпелыя ад найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы, наведвае Кіраўнік дзяржавы. У гэты раз - рабочая паездка ў Ельскі раён Гомельскай вобласці. Прэзідэнт змог убачыць чым жыве невялікі аграгарадок з сімвалічнай назвай Дабрынь. Рэпартаж Наталлі Брэвус.

Штогод журналісты адпраўляюцца за Прэзідэнтам у так званыя чарнобыльскія паездкі. За 20 гадоў Аляксандр Лукашэнка наведаў кожны пацярпелы пасля тэхнагеннай катастрофы раён краіны. Гэта сотні матэрыялаў, а, па сутнасці, адна вялікая гісторыя вяртання да жыцця некалі забруджаных земляў.

Сёння здаецца, што інакш і быць не магло. Але менавіта два дзесяцігоддзі таму было прынята прынцыповае рашэнне: людзі не застануцца сам-насам з чарнобыльскімі наступствамі.

Такім чынам, крок за крокам ад маштабнага бедства да нармальнага жыцця... Шлях рэабілітацыі пачаўся з 1995 года. Тады ўзяліся за элементарны парадак: праводзілі газ, уладкоўвалі сацыяльныя аб'екты, займаліся аздараўленнем. У 1999 годзе Прэзідэнт ініцыюе найскладанейшы праект газіфікацыі Палесся. У 2001-м пачынаецца адраджэнне і выкарыстанне рэсурсаў рэгіёна. У 2003-м у Гомелі адкрываецца Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны. У 2004-м бяруцца за перадавыя тэхналогіі на сяле і развіццё вытворчасцяў. Год 2005-ы - у Гомельскай вобласці прынята рашэнне аб будаўніцтве кукурузакалібровачнага завода. 2006 - 20-я гадавіна аварыі. Брагін. 30 кіламетраў ад злапомнай АЭС. Нягледзячы на небяспечнае суседства, ідзе пераспецыялізацыя АПК на забруджаных землях. 2010 год. Язеры. Першы аграгарадок краіны. Працуючы на Магілёўшчыне, Прэзідэнт дае старт маштабнаму малочнаму праекту. У красавіку 2011 года Аляксандр Лукашэнка ў Лунінцы наведвае новы будынак раённай бальніцы. 2014 год - у Клімавічах Прэзідэнт даручае адрадзіць 8 раёнаў Магілёўшчыны.

А гэта ўжо 2016. Аграгарадок Дабрынь у Ельскім раёне. Больш за палову яго тэрыторый была забруджаная пасля аварыі.

Гэта звычайны занятак з дашкольнікамі ў мясцовым дзіцячым садзе. Прыкладна такімі малымі былі іх бацькі, калі здарыўся выбух на чарнобыльскай станцыі. Радуе, што з года ў год дэмаграфія паступова паляпшаецца. Для жыцця ў Дабрыні ёсць усё. На ліквідацыю чарнобыльскіх наступстваў пайшло больш як 22 мільярды долараў. Гэта калі глабальна. Але Прэзідэнта цікавяць і простыя жыццёвыя пытанні. Як жывуць людзі, ці ёсць магчымасць купіць самае неабходнае, як бавяць вольны час... Сёння тут працуе ФАП, пошта, бытавы комплекс, некалькі магазінаў. Спартыўна-культурны цэнтр з сучаснымі трэнажорамі дапамагае прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

За апошнія пяць гадоў вырасла і бізнес-актыўнасць - колькасць прыватных прадпрыемстваў павялічылася амаль удвая - а гэта і новыя працоўныя месцы. Стрыжнем для аграгарадкоў становяцца моцныя гаспадаркі. Дыктат тэхналогій і жорсткая дысцыпліна на сяле - гэта агульнае для ўсіх патрабаванне Прэзідэнта. Вось ужо два гады як пабудаваны малочна-таварны комплекс у Дабрыні. Кантроль за якасцю сельгаспрадукцыі строгі - нашы нормы па ўтрыманні радыянуклідаў у некалькі разоў стражэйшыя, чым у Мытным саюзе або ЕС. Зараз, як і ва ўсіх у райцэнтры, і ў краіне, - пасяўныя клопаты. Вядома, 30-годдзе са дня чарнобыльскай аварыі - дата для нашай краіны асаблівая. Тры дзясяткі гадоў таму рэспубліка засталася сам-насам з чарнобыльскай бядой. З-за забруджвання небяспечнымі ізатопамі 140 тысячам чалавек прыйшлося назаўжды змяніць адрасы. Але ў пацярпелыя населеныя пункты ўдыхнулі другое жыццё. Гледзячы на тое, як жывуць у Дабрыні, Прэзідэнт даручыў навесці парадак у райцэнтрах і аграгарадках.

У зносінах з жыхарамі закранулі і тэму будаўніцтва АЭС. Мірны атам стане надзейнай крыніцай энергіі і дазволіць сэканоміць на энергарэсурсах.

Беларусь на міжнароднай арэне стала экспертам у пытанні пераадолення наступстваў радыёактыўнага забруджвання. Так што нядзіўна, што самая ўплывовая дама ў сістэме ААН спадарыня Хелен Кларк на гэтым тыдні была ў Мінску. Як раз напярэдадні абмеркавання новай чарнобыльскай стратэгіі, якую збіраецца прыняць восенню гэтая міжнародная структура.

Укладанне ў развіццё сваіх земляў - гэта будучыня для тых, хто не па сваёй віне стаў заложнікам тэхнагеннай катастрофы. У Беларусі атрымліваецца рабіць так, каб аб сваім адмысловым статусе жыхары пацярпелых рэгіёнаў успаміналі толькі раз на год.