Свет захоплівае брусельскі сіндром

3 апреля 2016

Ад рэгіянальнай бяспекі да глабальнай. Нягледзячы на тое што аэрапорт у сталіцы Бельгіі сёння часткова аднавіў сваю працу, свет захоплівае брусельскі сіндром. Нават мігранты на час апынуліся на другім плане. Вось яна - фраза тыдня. Тое, што думалі мільёны, вымавіў не хто-небудзь, а еўрадэпутат Януш Корвін-Міке. У тэлевізійным эфіры ён заклікаў Брусель вярнуць смяротную кару - для тэрарыстаў. На экзістэнцыйнае пытанне "што рабіць?" ён адказаў без роздумаў: "Вешаць!" Што, акрамя гневу, свет можа прапанаваць тым, хто сее страх? Што агаліла брусельская трагедыя і чаму нават егіпецкі захопнік самалёта не прыдумаў нічога лепшага за муляж пояса смяротніка? Юрый Казлоў паспрабаваў сабраць інфармацыйны пазл.

У пятніцу паліцэйскія, якія адказваюць за бяспеку брусельскага аэрапорта Завентэм, аб'явілі пра забастоўку. Праваахоўнікі запатрабавалі ад улад павялічыць колькасць службы бяспекі паветранай гавані і перагледзець некаторыя антытэрарыстычныя меры. Пра тое, што аэрапорт Завентэм дрэнна абаронены ад нападаў экстрэмістаў, паліцэйскія гаварылі яшчэ да атак 22 сакавіка. Паводле слоў прадстаўнікоў прафсаюзаў, многія меры бяспекі ўводзіліся, толькі калі аб'ект наведвала начальства. І пасля тэрактаў змянілася няшмат.

Х'юга Клотэнс, прадстаўнік прафсаюза: "Мы патрабуем усталяваць металадэтэктары, каб чалавек з падазронымі прадметамі мог быць выяўлены яшчэ перад уваходам у тэрмінал. Інакш яго можна спыніць толькі перад пасадкай на самалёт або пашпартным кантролем, але да гэтага ў яго ёсць магчымасць прайсці вольна па ўсім будынку".

Пра маштаб праблемы гаворыць і той факт, што паліцыя не давярае нават супрацоўнікам паветранай гавані. Праваахоўнікі мяркуюць, што сярод іх можа быць больш як паўсотні прыхільнікаў групоўкі "Ісламская дзяржава". Але дакладна ўстанавіць гэта вартавыя парадку не могуць. Ад праблем з бяспекай пакутуе не толькі Еўропа. Егіпет. Увосень мінулага года тут пасля выбуху самаробнай бомбы на борце разбіўся расійскі "Аэробус" з турыстамі. Загінулі 224 чалавекі. Згодна з адной з версій, выбуховае прыстасаванне пранёс у салон лайнера супрацоўнік аэрапорта Шарм-эль-Шэйха. Падобна, фатальная памылка мясцовых сілавікоў нічаму не навучыла. У пачатку гэтага тыдня егіпцянін Сейф ад-Дын Мустафа выкраў лайнер, які выконваў рэйс Александрыя - Каір, і прымусіў пілотаў пасадзіць паветранае судна на Кіпры. У аэрапорце Ларнакі зламыснік запатрабаваў вызваліць з егіпецкіх турмаў некалькіх жанчын і перадаў ліст сваёй былой жонцы-кіпрыётцы. Пасля Мустафа пачаў партыямі адпускаць заложнікаў.

Інцыдэнт скончыўся шчасна. Егіпцянін вызваліў усіх палонных - аднаму, дарэчы, атрымалася збегчы самастойна - і здаўся ўладам. У МЗС Егіпта злодзея назвалі не тэрарыстам, а "ідыётам". Але факт застаецца фактам: Сейф ад-Дын Мустафа змог пранесці на борт лайнера муляж пояса шахіда і захапіць самалёт. Пасля вестак пра надзвычайнае здарэнне Расія і некалькі іншых краін заявілі, што аднаўленне авіясувязі з Егіптам - яна прыпынілася ў лістападзе - можа быць адкладзена.

Адказу на пытанне, як змагацца з экстрэмістамі, у палітыкаў і экспертаў дагэтуль няма. Французы пасля серыі лістападаўскіх тэрактаў у Парыжы мелі намер змяніць канстытуцыю, каб даць больш паўнамоцтваў паліцыі. Але праект змен не атрымаў падтрымкі ў парламенце. Народных выбраннікаў збянтэжыў пункт аб пазбаўленні асуджаных за тэрарызм французскага грамадзянства. Палічылі, што ён супярэчыць прынцыпу роўнасці. А кансерватыўны польскі еўрадэпутат Януш Корвін-Міке заявіў, што ЕС варта вярнуць смяротную кару. Пазней, праўда, палітык адзначыў, што для смяротнікаў гэтая мера пакарання дрэнна падыходзіць.

Януш Корвін-Міке, дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы: "Што рабіць з тэрарыстамі? Вешаць. Не думаю, што гэта напужае тэрарыстаў-смяротнікаў, але затое кара эфектыўна паўплывае на тых, хто не хоча паміраць, а хоча мець поспех у дзяўчат"...

Зрэшты, і пазбаўленне грамадзянства абвінавачаных у тэрарызме, і больш жорсткае пакаранне для радыкалаў - гэта барацьба са следствам, а не з прычынай. Пакаранне вінаватых у тэрарыстычных нападах па ўсёй строгасці закона - задача другарадная. Першачарговая - зрабіць так, каб тэрактаў не адбывалася наогул. І таму размова павінна ісці не пра меры ў адказ, хоць гэта таксама важна, а пра прэвентыўныя: абмен інфармацыяй паміж спецслужбамі розных краін, прафілактычная праца з патэнцыяльнымі экстрэмістамі, адзіныя нормы бяспекі ў аэрапортах, нарэшце. Варта таксама разумець, што тэрарыстычныя групоўкі таксама ўвесь час развіваюцца: сёння яны захопліваюць самалёты і ўзрываюць сябе на вуліцах, заўтра прыдумаюць штосьці горшае. А можа, ужо прыдумалі.

Новая праблема сусветнага маштабу была аб'яўленая на днях у Вашынгтоне на саміце па ядзернай бяспецы. Гэта пагроза радыяактыўнага і ядзернага тэрарызму, якая ўсё расце. Сусветныя лідары сур'ёзна асцерагаюцца, што кампаненты для вырабу так званых брудных бомбаў могуць патрапіць у рукі баевікоў той жа "Ісламскай дзяржавы". А можа, ужо патрапілі.