Мінск і Ханой заключылі пагадненні на дзясяткі мільёнаў долараў

2 июля 2017

На тыдні ў Мінску гасцявала прадстаўнічая дэлегацыя з В'етнама на чале з прэзідэнтам гэтай краіны. Перамовы на вышэйшым узроўні скончыліся канкрэтнымі дамоўленасцямі ў розных сферах і, здаецца, у беларускага экспарту з'явіўся яшчэ адзін перспектыўны кірунак. Беларусь і В'етнам нацэліліся на арыенцір - паўмільярда долараў ва ўзаемным гандлі.

Задача сур'ёзная, улічваючы, што зараз ён у чатыры разы ніжэйшы. Мінск і Ханой раздзяляюць 7377 кіламетраў. Гэтакі традыцыйны для нашых партнёраў далёкай дугі геаграфічны бар'ер. У эпоху глабалізацыі ён, як вядома, не галоўная перашкода. Куды важнейшая палітычная воля лідараў. Гэта ў Мінску і прадэманстравалі прэзідэнты.

Беларусь і В'етнам значна бліжэйшыя, чым здаецца. Падчас размовы са сваім калегам Аляксандр Лукашэнка нават выкарыстаў многімі прызабытую фразу "вяліка адлегласць, але блізкія нашы сэрцы". Гэта аб дружбе, праверанай сапраўднай вайной. Каля двух соцень беларусаў дапамагалі В'етнаму паўстагоддзя таму адстойваць сваю незалежнасць.

Зараз жа моцны поціск рукі лідараў у пачатку вялікага дня перамоў, а да вечара - дзясяткі падпісаных міжнародных дакументаў самага рознага ўзроўню. Імпульс да працы ў канкрэтных сферах - такіх, як машынабудаванне, геалогія, навука, спорт, турызм, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і міжрэгіянальныя сувязі.

Паказчыкі ў гандлі паміж краінамі ў цэлым нядрэнныя. За першыя тры месяцы гэтага года аб'ёмы паставак выраслі на 35 працэнтаў. Яшчэ адзін пункт росту - Беларуска-в'етнамскі бізнес-форум. У Палацы Рэспублікі літаральна за дзве гадзіны сумеснай працы дзелавыя колы заключылі пагадненні на дзясяткі мільёнаў долараў. Тут цікава было назіраць глыбіню кааперацыі. Як гаворыцца, не БелАЗам адзіным... Калі ўжо дзяржавы цесна звязаныя турызмам, гасцінічным і нават рэстаранным бізнесам, значыць, і кухня палітычная сапраўды працуе ў правільным кірунку.