Каталікі і пратэстанты адзначаюць галоўнае свята царкоўнага года - Вялікдзень

1 апреля 2018

У хрысціянаў усяго свету сёння вялікія сакральныя ўрачыстасці. Каталікі і пратэстанты адзначаюць галоўнае свята царкоўнага года - Вялікдзень. Святочныя службы праходзяць ва ўсіх кірхах і саборах. Тысячы вернікаў з розных краін у гэтую ноч сабраліся ў Ватыкане. Пасля велікоднай імшы з балкона сабора Святога Пятра Папа Рымскі абвясціў добрую вестку аб Уваскрэсенні Хрыста ўсім вернікам, якія сабраліся.

Да паствы пантыфік звярнуўся з традыцыйным пасланнем "Гораду і Свету". Віншаванні прагучалі на шматлікіх мовах. Дарэчы, адметная рыса цяперашніх велікодных урачыстасцяў у Еўропе - павышаныя меры бяспекі.

Таксама сёння велікодныя службы прайшлі ва ўсіх без выключэння касцёлах Беларусі. Гэта другая па колькасці канфесія ў нашай краіне.

Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі - Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў святую імшу ў архікафедральным касцёле Прасвятой Дзевы Марыі. Перад пачаткам велікоднай службы ў каталікоў запальваюць Пасхал - адмысловую велікодную свечку, агонь ад якой раздаюць усім вернікам.

Велікодная імша вызначаецца асаблівай урачыстасцю. Святары служаць у белай вопратцы, якая ўвасабляе чысціню. Таксама сёння ў касцёлах прадоўжылі асвячаць святочныя стравы. А пасля службы вернікі прывіталі адно аднаго галоўнымі словамі гэтага дня "Хрыстос Уваскрэсе!".

Усіх вернікаў нашай краіны, які святкуюць сёння Вялікдзень, павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

А праваслаўныя сёння адзначаюць Уваход Гасподні ў Іерусалім - або Вербніцу. У храмах па ўсёй краіне асвячаюць галінкі вярбы - сімвал духоўнага адраджэння. У Беларусі яна сімвалізуе пальмавыя галіны, якімі, паводле пісання, жыхары Іерусаліма віталі Збавіцеля.

Акропленую святой вадой вярбу вернікі захоўваюць цэлы год - да наступнага свята. Людзі вераць, што галінкі напаўняюцца гаючай сілай, здольнай пазбавіць ад хвароб, бед і пошасцяў. Вербніца папярэднічае сабою самы строгі тыдзень Вялікага посту перад Вялікаднём.