Рухавіком узаемадзеяння Беларусі і Кітая павінна стаць тэхналагічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва

21 августа 2016

Такі лейтматыў перамоў, якія прайшлі ў Мінску ў гэты чацвер. У беларускую сталіцу прыбыў спецпрадстаўнік Сі Цзіньпіна, член Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая Мэн Цзяньчжу. Узаемны тавараабарот паміж краінамі зараз перавышае тры мільярды долараў, а ўзровень крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва набліжаецца да 20 мільярдаў. "БелДжы", крэдытаванне праектаў Беларускай чыгункі, мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната. Але самы амбіцыйны праект, гэта, вядома, індустрыяльны парк "Вялікі камень". Яшчэ адзін важны крок у развіцці адносін будзе зроблены ў канцы верасня. Як раз на гэты час запланаваны дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.

З 2013 года паміж Мінскам і Пекінам усталявана ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Падтрымліваць высокі ўзровень адносін дапамагаюць частыя кантакты лідараў дзвюх краін. Мяркуйце самі. Сёлета Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустракаліся ўсяго два месяцы таму на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Летась старшыня КНР на некалькі дзён прылятаў у Мінск з афіцыйным візітам. Пекін у 2015 наведаў і Аляксандр Лукашэнка. Варта адзначыць, што наогул такі часты абмен візітамі ў сусветнай палітыцы вялікая рэдкасць. Дарэчы, самі прэзідэнты Беларусі і Кітая не раз заяўлялі, што яны не проста калегі, а, хутчэй, сябры. Патрэбныя яшчэ прыклады? Калі ласка.

Спецпасланнік старшыні КНР таксама прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Адзін з вынікаў перамоў: Беларусь дасць яшчэ больш прэферэнцый рэзідэнтам парка "Вялікі камень". Мінэканомікі зараз рыхтуе адпаведны праект указа. Яго пададуць Кіраўніку дзяржавы напярэдадні візіту ў Кітай.