Найбліжэйшыя гады ў Беарусі пройдуць пад знакам спартыўных падзей

21 января 2018

Спартыўны каляндар найбліжэйшых гадоў абяцае быць яшчэ больш гарачым. У Беларусь збіраюцца сусветныя зоркі ў самім відовішчным з пункта погляду тэлебачання відзе спорту - біятлоне. На тыдні стала вядома, што з 18 па 24 лютага наступнага года ў Раўбічах адбудзецца чэмпіянат Еўропы. Выканаўчы камітэт Міжнароднага саюза біятланістаў даручыў нашай краіне правядзенне першынства. Акрамя таго, праз некалькі месяцаў там жа, у Раўбічах, наймацнейшыя страляючыя лыжнікі з усяго кантынента збяруцца зноў - Беларусь прымет чэмпіянат Еўропы па летнім біятлоне.

Відавочна, што такі давер IBU грунтуецца на бездакорнай арганізацыі папярэдніх форумаў. У міжнароднай федэрацыі таксама ведаюць пра жаданне нашай краіны прымаць этапы Кубка свету і галоўны планетарны форум. Акрамя таго, аб гатоўнасці прыняць Суперкубак УЕФА 2020 заявіла Беларуская федэрацыя футбола. У якасці арэны разглядаецца сталічны стадыён "Дынама". Яго рэканструкцыя павінна завяршыцца ўжо гэтым летам. Праўда, зараз у Беларусі 8 канкурэнтаў. Канчатковае рашэнне УЕФА прыме ў маі.

Зрэшты, найбліжэйшыя гады ў нашай краіне і так пройдуць пад знакам спартыўных падзей. У наступным мы прымаем ІІ Еўрапейскія гульні, а ў 2021 - чэмпіянат свету па хакеі.