Беларусь прыняла ўдзел у маштабным саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

11 июня 2017

Насычаная палітычнымі падзеямі вясна (а былі і саміт ЕАЭС у Бішкеку, і форум "Адзін пояс - адзін шлях" у Пекіне) плаўна перацякла ў не менш гарачае палітычнае лета. Пачалося яно ў Астане маштабным самітам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і глабальнай выставай "Экспо".

Такое супадзенне ў дыпламатычным календары на руку ўсяму кантыненту, бо для дзяржаў гэта нагода абмеркаваць праблемы геапалітыкі і, як гаворыцца, не адыходзячы далёка, стварыць новыя эканамічныя сувязі. Астана гэтымі днямі ва ўсіх сэнсах шырокая пляцоўка для сустрэч, перамоў і заключэння пагадненняў.

Энергія будучыні (гэта тэматыка "Экспо") ў сталіцы Казахстана злілася разам з шанхайскім духам, прасякнуцца якім змагла і наш палітычны аглядальнік Вольга Макей. Яна сачыла за самітам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе Беларусь другі раз удзельнічала ў статусе назіральніка.

Думаю, што ў падручнікі ўвойдзе сам факт пашырэння Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Эксперты, ды і самі палітыкі не раз называлі астанінскі саміт гістарычным. Ну а што да "Вялікай васьмёркі Еўразіі", для такой назвы ёсць важкія падставы. Давайце разбяромся па парадку.

Сапраўды, міжнароднае аб'яднанне сёння ахоплівае большую частку Еўразійскага кантынента. Вось на карце восем краін - паўнапраўных удзельнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Выглядае ўнушальна, але гэта далёка не ўсё.

Дададзім сюды яшчэ чатыры дзяржавы-назіральнікі. Гэта Афганістан, Беларусь, Іран і Манголія. Наша краіна гэты высокі статус атрымала год таму, і, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, за гэты час толькі ўмацавалася ў правільнасці зробленага выбару. Дарэчы, Беларусь - адзіная поўнасцю еўрапейская дзяржава ў шанхайскай сям'і.

А яшчэ ёсць шэсць краін-партнёраў па дыялогу: Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка. Як бачым, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва - гэта 60 працэнтаў Еўразіі. Шмат, але гэта далёка не ўсё.

Пераходзім ад фактаў да лічбаў.

Насельніцтва ўсіх краін шанхайскай сям'і – больш за 3 мільярды чалавек. Гэта палова сусветнага. У арганізацыю ўваходзяць два пастаянныя члены Савета бяспекі ААН (Расія і Кітай), чатыры ядзерныя дзяржавы: Індыя, Кітай, Пакістан і Расія. Дзве краіны з самым шматлікім насельніцтвам у свеце і найбуйнейшым спажываннем энергіі (гэта Кітай і Індыя), а таксама тры з пяці краін групы БРІКС (Расія, Індыя і Кітай). Такім чынам, гэта адно з магутных аб'яднанняў планеты. Вось экспертнае меркаванне з Казахстана.

Сапраўды, такое аб'яднанне сёння цяжка ігнараваць. І як пацвярджэнне таму - упершыню на саміце за адным сталом з лідарамі краін прысутнічаў Генеральны сакратар ААН. Дарэчы, у кулуарах саміту Аляксандр Лукашэнка і Антоніу Гутэрыш правялі сустрэчу.

А яшчэ за круглым сталом шанхайскай сям'і разам былі Індыя і Пакістан. Не сакрэт, што паміж дзвюма дзяржавамі ёсць рознагалоссі. Вось нават, як бачым, на сумесным фота прэм'ер-міністры гэтых краін стаяць па розныя бакі, але тым не менш разам.

Зразумела, што гэтая тэма так ці інакш лунала ў паветры. Разрадзіў сітуацыю беларускі лідар, які сказаў, што на пляцоўцы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва абедзве дзяржавы маюць усе шанцы ўладзіць двухбаковыя пытанні. Ды і наогул шанхайскі дух падштурхоўвае краіны да згуртаванасці і адзінства. А гэты фактар сёння важны і ў барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі - гэта адна з задач аб'яднання.

Дарэчы, хочацца адзначыць такі факт. Зразумела, што абсалютна ўсе палітыкі дбайна рыхтуюцца да самітаў, загадзя прадумваюць свае выступленні, пераносяць іх на паперу. Гэта аблягчае працу і перакладчыкам. Дык вось Аляксандр Лукашэнка за гэтым сталом быў адзіным, хто большую частку прамовы не чытаў, а гаварыў менавіта ад сябе.

Сёння многія эксперты сходзяцца ў меркаванні, што аб'яднанню трэба большы ўпор рабіць не толькі на бяспеку, але і на развіццё эканамічнага патэнцыялу краін.

На думку Прэзідэнта, у аб'яднанні варта зрабіць стаўку менавіта на эканамічнае вымярэнне. Лагічна, з улікам магутнага рэсурсу ўсіх краін. Дык вось беларускі лідар прапанаваў распрацаваць канкрэтныя праекты ў эканоміцы, інвестыцыях, лагістыцы, гуманітарнай сферы і больш актыўна прыцягваць да іх рэалізацыі дзяржавы-назіральнікі. Яшчэ адзін стымул для Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - кітайскі праект новага Шаўковага шляху. Па сутнасці, сустрэча ў Астане - працяг лёсавызначальнага пекінскага форуму "Адзін пояс - адзін шлях". Гэты грандыёзны праект - будучыня Еўразіі. Для Беларусі гэта не проста роля сувязнога звяна паміж Еўропай і Азіяй, глабальна гэта развіццё нашай эканомікі: інавацыйныя вытворчасці ў парку "Вялікі камень", павелічэнне транзіту і многае іншае.

У тым, што ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва трэба больш умацоўваць эканамічныя сувязі, упэўненыя і палітыкі, і эксперты. Падлічана: тры чвэрці сусветнага гандлю ажыццяўляецца менавіта праз рэгіянальныя аб'яднанні. У кулуарах саміту мы пацікавіліся меркаваннем міністра замежных спраў яшчэ адной дзяржавы-назіральніка - Манголіі.

Цэнд Мунхаргіл, міністр замежных спраў Манголіі:

"Прэзідэнт Лукашэнка і наш прэзідэнт як прадстаўнікі дзвюх дзяржаў-назіральнікаў выказалі прыкладна адну і тую ж думку, што неабходна не толькі палітычнае супрацоўніцтва, але і супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, у галіне інфраструктуры, канкрэтныя пагадненні, напрыклад, у галіне паскарэння і спрашчэння гандлёвых працэдур, спрашчэння працэдур перасячэння межаў, мытнага кантролю".

Зрэшты, пляцоўка Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва дазваляе не толькі абмяркоўваць агульныя праекты, гэта яшчэ і добрая магчымасць умацаваць двухбаковыя сувязі. У кулуарах саміту Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы з прэм'ер-міністрам Індыі - Нарэндра Модзі запрасіў беларускага лідара восенню прадоўжыуць перамовы ў Нью-Дэлі. Грунтоўная размова адбылася і з прэм'ер-міністрам Пакістана перад яго візітам у Беларусь. Яшчэ былі сустрэчы з лідарамі Расіі, Кітая, Афганістана і Таджыкістана. Прэзідэнта Беларусі запрасілі наведаць з візітам і Іран.