17-гадовая мінчанка выйграла юніёрскі Адкрыты чэмпіянат Зялёнага кантынента

31 января 2016

Гучная спартыўная навіна прыйшла да нас у суботу. Australian Open наш. Вера Лапко ўзяла першы ў кар'еры тытул на турнірах Вялікага шлема. 17-гадовая мінчанка выйграла юніёрскі Адкрыты чэмпіянат Зялёнага кантынента.

11 гадоў таму аналагічны тытул заваявала Вікторыя Азаранка. Вера і Вікторыя, па-мойму, вельмі сімвалічна. Пра чарговую перамогу беларускага тэніса - наш рэпартаж.

Расказвае Алена Гарэльчык.

30 студзеня. Мельбурн. Арэна Рода Лейвера. На Зялёным кантыненце гадзіна пасля паўдня, у Беларусі пяць раніцы. На корт выходзяць фіналісткі юніёрскага Australian Open. Беларуска Вера Лапко супраць славачкі Тэрэзы Міхалікавай, яна абараняе тытул. У жыцці дзяўчаты сяброўкі, разам гулялі ў пары, на корце - гэта саперніцы.

Гучнае "так" раздаецца пасля кожнага выйгранага розыгрышу. Вера падбадзёрвае сябе. Тэнісістка з самога пачатку сваёй кар'еры трэніруецца ў Беларусі, апошні час на кортах Нацыянальнай акадэміі тэніса. Вера лёгка выйгравае першы сэт, 6-3. Яна гуляе агрэсіўна, прымушаючы саперніцу перамяшчацца па ўсёй сваёй палове.

Вера Лапко, пераможніца юніёрскага Australian Open - 2016:

"У пачатку другога сэта я саступала. Я была вельмі стомленая. Быў лік 4-1. Я тады думала: "Можа быць, аддаць гэту партыю Тэрэзе? А потым я падумала: "Ну, добра. Ты не гатова да трэцяга сэта. У цябе проста не хопіць сіл. Таму трэба браць гэту партыю. Перамагаць у фінале і выйграваць трафей".

Верыць у сябе і не здавацца, ставіць высокія мэты і ісці да іх.

Гэта тое, на што ў свой час настройваў Веру Эдуард Дуброў, беларускі трэнер тэнісісткі, з якім разам яны прапрацавалі каля трох гадоў.

Угаворваць саму сябе не даводзіць справу да трэцяга сэта ў Веры атрымалася. Лапко падавала на матч, саперніца адчайна змагалася, але ў вырашальны момант не справілася з нервамі. Беларуска ўклалася ў паўтары гадзіны.

З перамогай Веру Лапко павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка...

Вера Лапко, пераможніца юніёрскага Australian Open - 2016:

"Мне складана апісаць свае пачуцці. Гэта было вельмі прыемна. Я проста радавалася. Не ведаю, як распавесці вам пра свае эмоцыі. Складана паверыць, але я нічога не памятаю з трэцяга матч-пойнта".

Перамога ў Аўстраліі - гэта першы тытул Веры на юніёрскім турніры Вялікага шлема ў кар'еры. Два гады таму гэта была 1\8 фіналу ЮС Open, праз год паўфінал Уімблдона. А вось у пары на гэтых турнірах Лапко двойчы станавілася другой. Сёння тэнісістка на мяжы пераходу ў дарослы тэніс. Хоць смак перамогі і на гэтым узроўні яна ўжо ведае. У сакавіку мінулага года Вера выйграла турнір у Шарм-эль-Шэйху і ў адзіночным, і ў парным разрадах. А вось першая перамога на юніёрскім узроўні прыйшла восенню 2013.

Вера Лапко - другая беларуска, якая выйгравала юніёрскі Australian Open. 11 гадоў таму гэта зрабіла Вікторыя Азаранка. Сёння разам і Вера, і Віка гуляюць за зборную ў Кубку федэрацый.

У пары з Аляксандрай Сасновіч Лапко выйграла ўсё тры свае паядынкі. Ужо ў канцы першага тыдня лютага дзяўчатам трэба будзе змагацца з камандай Канады за права згуляць у плэй-оф сусветнай групы. З Мельбурна ў Квебек тэнісісткі адпраўляюцца з найлепшым настроем. З Верай - па вікторыю.