Значэнне нафтахімічнай галіны для эканомікі Беларусі

23 апреля 2019

Вераніка Бута ў студыі праграмы.

Значнасць нафтахімічнай галіны для эканомікі краіны ў цэлым  і  для нашага з вамі камфортнага жыцця ў прыватнасці пераацаніць вельмі цяжка. Тут аб'яднаны найбуйнейшыя і стратэгічна важныя прамысловыя комплексы краіны, якія забяспечваюць працу ў тым ліку і іншых сфер. 

Вось прыклад. З сырой нафты робяць розныя віды паліва: бензін, газа, дызель і большасць змазачных матэрыялаў (мазут, алеі, парафіны). 

Акрамя таго, шмат галін, дзе сувязь з нафтахіміяй не  такая відавочная, пералічыць усё проста немагчыма. Складана паверыць, але прадукты нафтаперапрацоўкі выкарыстоўваюць для вытворчасці, скажам, асфальту, абутку, пластмасавых бутэлек, канцылярскіх тавараў, сантэхнікі. Без нафты складана атрымаць сінтэтычную тканіну. Увогуле ў Беларусі робяць больш за 500 відаў нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі. Ад стабільнай працы галіны напрамую залежаць вытворчасць прадпрыемства "Белшына",  а таму ўскосна і ўсё наша машынабудаванне, заводы па выпуску ўгнаенняў, скажам, "Гродна Азот", Гомельскі хімічны завод,  а ўскосна і сельскагаспадарчая галіна. Наша прамысловасць хімічных валокнаў, прадпрыемствы па вытворчасці поліэтылену і шкловалокна, лакафарбавыя заводы. Гэта дзясяткі прадпрыемстваў.

Назаву некалькі лічбаў,  каб абысціся без гіпотэз і здагадак. Толькі факты. 

Арганізацыі галіны выпускаюць каля траціны ўсёй прадукцыі беларускай прамысловасці, каля 30 %. Арыентуемся на знешнія рынкі - прадаем звыш 70 % тавараў нафтахімічнага комплексу. А гэта больш за 120 краін свету. Паводле афіцыйных звестак, на галіну прыпадае каля 17 % усяго экспарту Беларусі. Г.з. тое, што мы прадаем, напрамую ўплывае на імідж нашай краіны яшчэ і ў вачах нашых замежных партнёраў. 

Калі параўноўваць аб'ём нафтаперапрацоўкі Беларусі з іншымі краінамі, то мы стаім нараўне з такімі еўрапейскімі дзяржавамі, як Аўстрыя, Харватыя і Венгрыя. Плюс-мінус 20 мільёнаў тон сырой нафты за год. На постсавецкай прасторы нашы НПЗ у лідарах па якасці і лінейцы тавараў, што выпускаюцца. У Беларусі два нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, якія практычна завяршылі мадэрнізацыю -  "Нафтан" і Мазырскі завод. Сёння гэта сучасныя прамысловыя кластары. Ад іх стабільнай працы залежыць фінансавы дабрабыт, па-першае, усёй краіны. Бюджэт Беларусі летась толькі за кошт падаткаў ад нашай нафтаперапрацоўкі папоўніўся 1 млрд 706 млн долараў. Па-другое, 15-ці тысяч беларусаў, хто працуе на гэтых прадпрыемствах. 

Відавочна, нафтаперапрацоўка нароўні з калійнай галіной - адзін са слупоў беларускай эканомікі і адна з асноўных крыніц паступлення валюты ў краіну.