У Смалявіцкім раёне пытанні раслінагадоўлі абмяркоўваюць фермеры з усёй краіны

5 августа 2016

Як сабраць максімальны ўраджай пры мінімальных выдатках. Сёння ў Смалявіцкім раёне пытанні раслінагадоўлі абмяркоўваюць фермеры з усёй краіны. Тут праходзіць рэспубліканскі семінар. У праграме абавязкова майстар-класы, дзе спецыялісты дзеляцца сакрэтамі майстэрства. Пра тое, як вырошчваць бульбу, таматы і нават кавуны - Антаніна Станкевіч.

Ганна Крапіўка не без гонару паказвае свае плантацыі. Роўнымі радамі на іх грэюцца на спякотным сонцы кавуны. Гэта зусім не Астрахань і не Каўказ - Смалявіцкі раён, самы цэнтр Беларусі. У гэтай фермерскай гаспадарцы экзатычнай ягадай займаюцца ўжо шэсць гадоў. Малады аграном запэўнівае, што кавуны не саступаюць у якасці і мядовасці тым, што прывозяць з-за мяжы.

Культура гэтая зусім некапрызная. Не патрэбныя тут ні звышурадлівыя глебы, ні спецыяльны комплекс угнаенняў. Нават траву і тую падчас росту кавуноў прыбіраць з палеў не рэкамендуюць. Крыху дагляду, крыху любві - і кавуны даволі лёгка вырасціць нават на ўласным падворку.

Сёння сваімі сакрэтамі майстэрства дзеляцца фермеры з усёй краіны на рэспубліканскім семінары па раслінагадоўлі. Удзельнічаюць не толькі спецыялісты-практыкі, але і вучоныя-селекцыянеры. Менавіта яны распрацоўваюць пасадачны матэрыял, які можа даць добры і якасны ўраджай. Міні-выстава таматаў, агуркоў і іншай агародніны - як доказ.

Акрамя таго, фермеры дзеляцца адзін з адным сакрэтамі майстэрства. Уладзімір Баранаў другім хлебам займаецца больш за 20 гадоў. У не самым урадлівым Гомельскім рэгіёне вырошчвае бульбу і моркву. Ураджай у 40 тон з гектара лічыць сярэднім. Тут важныя менавіта нюансы, запэўнівае гаспадар.

Сёння фермерскія гаспадаркі вырошчваюць не толькі класічныя бульбу, моркву і цыбулю. Тыя ж кавуны - зусім не экзотыка. Нават цеплалюбівыя баклажаны ці салодкія перцы нядрэнна растуць на землях цэнтральнага рэгіёна. Павышаць якасць і колькасць такой прадукцыі важна. Гэта не толькі разнастайнасць на стале беларусаў, але і тое ж імпартазамяшчэнне.