У Шчучыне адкрылася першая ў Гродзенскай вобласці фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў

6 октября 2018

Больш як дзве тысячы тон свежых грыбоў за год. У Шчучыне адкрылася першая ў Гродзенскай вобласці фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў. Сучасныя тэхналогіі, памножаныя на эфектыўную працу, дазволяць не толькі забяспечыць унутраны рынак, але і пастаўляць на экспарт. Акрамя таго, на высокатэхналагічным прадпрыемстве створана каля сотні новых працоўных месцаў. Юрый Карняловіч ацаніў маштабы вытворчасці.

Тэхнолаг Канстанцін Куц пра вырошчванне шампіньёнаў ведае амаль усё. Тэму вывучаў дасканала. І гэта нядзіўна, менавіта ад яго кваліфікацыі залежыць праца цэлай фабрыкі шампіньёнаў. Самае галоўнае, гаворыць спецыяліст, правільна падрыхтаваць кампост. Усё астатняе – адпрацаваная гадамі тэхналогія. Шампіньёны паспяваюць у спецыяльных камерах на стэлажах вышынёй да пяці метраў. За ўсімі працэсамі і падтрыманнем адпаведнага мікраклімату сочыць камп’ютарная праграма. На стадыі росту грыбоў умяшання чалавека не патрабуецца.

У кастрычніку грыбны сезон бадай што завяршаецца, а на фабрыцы шампіньёнаў у Шчучыне ён у самым разгары. Тут вырошчваюць грыбы пры адпаведнай тэмпературы і вільготнасці круглы год. А ўраджай збіраюць кожны дзень. Менавіта на этапе збору ўраджаю без людзей не абысціся. Нарыхтоўкай грыбоў займаюцца выключна жанчыны. Таму што прадукт далікатны і патрабуе асаблівага падыходу.

Вырошчванне шампіньёнаў у такіх прамысловых маштабах - справа для Гродзенскага рэгіёна новая. Першая фабрыка, разлічаная на вытворчасць дзвюх тысяч двухсот кілаграмаў за год, з’явілася ў Шчучыне дзякуючы прыватным інвестыцыям. Праект для вобласці ўнікальны, узведзена прадпрыемства з нуля ўсяго за некалькі месяцаў. А большая частка прадукцыі будзе пастаўляцца на экспарт.

Пры гэтым акупнасць прадпрыемства - усяго некалькі гадоў. А для невялікага райцэнтра фабрыка шампіньёнаў мае яшчэ і вялікае сацыяльнае значэнне.

У перспектыве інвестары плануюць ператварыць Шчучын у грыбную сталіцу Беларусі. Ужо сёння тут пачалося будаўніцтва яшчэ адной аналагічнай шампіньёнавай фабрыкі. А гэта значыць, што магутнасці вытворчасці далікатэсу павялічацца ў два разы. Гэта дазволіць закрыць патрэбы не толькі ўнутранага рынку, але і суседніх краін.