У Мядзельскім раёне запусцілі новую ветраэнергетычную ўстаноўку

9 августа 2013

Сёння ў Беларусі на 1 буйны аб'ект альтэрнатыўнай энергетыкі стала больш. У Мядзельскім раёне запусцілі новую ветраэнергетычную ўстаноўку. Яе магутнасць 1 мегават. Гэтага дастаткова для забеспячэння электрычнасцю некалькі пасёлкаў. Дарэчы, тут жа ў Нарачанскім краі развіваюць і сонечную энергетыку.



Аляксей Кандраценка ацаніў эканамічны эфект ад выкарыстання нестандарных генератараў цяпла і святла. Размовы пра альтэрнатыўную энергетыку - гэта праблемы нават не будучыні, а сучаснасці. Ужо сёння нашай краіне неабходна адыходзіць ад залежнасці аднаго рынку, аднаго віду і энергіі і аднаго пастаўшчыка. У гэтым і заключаецца энергетычная бяспека, падкрэсліваў не раз Кіраўнік дзяржавы.


Уладальніку аграсядзібы Антону двухтыднёвае адключэнне гарачай вады не пагражае. Адразу тры сонечныя калектары забяспечваюць хатні камфорт сем месяцаў на год. Электрычнасць таксама паступае ад нябеснага свяціла.


На даху аграсядзібы электраэнергію выпрацоўваюць 20 батарэй. Нават у пахмурнае надвор'е можна атрымаць амаль адзін кілават. На лічыльніку пераменны ток. Гэтага хапае для асвятлення пяці пакояў з усёй тэхнікай. Усяго за час працы - з пачатку сакавіка - сонечная электрастанцыя выпрацавала амаль 4 тысячы кілават-гадзін. Аб'ёмы для аднаго дома вялізныя. Сонечная энергія сагравае не толькі дом Антона, але і яго сямейны бюджэт. Разам з жонкай яны прайшлі нялёгкі шлях ад ідэі сонечных батарэй да іх укаранення.


На Нарачы сонца хапіла бы не на адзін дом, але на другім беразе лічаць не ясныя дні, а парывы ветру.


Гэта энергетычная ўстаноўка другая па магутнасці ў Беларусі. Першая - у Навагрудку. Аднаго мегавата хапае, каб без праблем забяспечыць паўтары тысячы прыватных дамоў на год.


Зараз тут тры вінтакрылыя энергамашыны. Прыватны праект пачынаўся 10 гадоў таму. І за гэты час падлічылі выгаду.


Сёння ў авангардзе сонечнай і ветравой энергетыкі Мінская і Магілёўская вобласці. Менавіта там знаходзіцца самая вялікая колькасць такіх установак. Наколькі зніжаюць яны нагрузку на звыклыя ЦЭЦ, сказаць складана. Але пра іх якасць і надзейнасць пераканаўча гаворыць адзін факт - жыхары разумных дамоў ужо не лічаць тэхналогіі альтэрнатыўнымі, а ставяць іх у адзін рад з пакуль звыклымі для большасці электрастанцыямі.