У Мінскай вобласці пачалася начная ўборка збожжавых

6 августа 2015

Гэта дазволіць павялічыць тэмпы і скараціць тэрміны ўборачнай кампаніі. Ноччу ў першую чаргу ўбіраюць азімыя культуры. Ва  ўмовах павышанай вільготнасці яны лепш паддаюцца ўборцы. Зараз у аграрыяў кожны пагодлівы дзень на рахунку. Надзея Сербіненка раскажа, як працуюць у палях ноччу.

Дзевяць гадзін вечара. Для шасці камбайнаў з гаспадаркі “Дукора-Агра” гэтае поле – ужо трэцяе за дзень. Паспець сабраць увесь хлеб – зараз галоўная задача. Калі не ўбраць усе збожжавыя культуры своечасова, зерне пасыплецца на зямлю. Дарэчы, надвор’е сухое і цёплае аграрыям толькі на руку.

Да надыходу прыцемкаў тэмпература трымаецца на адзнацы  30 градусаў. Справіцца з такой спякотай камбайнеры могуць толькі ў кабіне - тут ўстаноўлены кандыцыянеры і фільтры, якія не прапускаюць пыл у салон. Сонца ўжо хаваецца за гарызонт, а ўсе камбайны застаюцца ў полі. Ноч – гэта магчымасць не ўпусціць ніводную гадзіну. Сіноптыкі прагназуюць сухое надвор’е толькі на бліжэйшыя дзесяць дзён.  

Сабраць зерне трэба паспець да першай расы, таму нават ноччу камбайнеры працуюць вельмі інтэнсіўна. Убачыць кожны колас ім дапамагае штучнае асвятленне. Камбайнер Мікалай Крукоўскі працуе на полі ўжо 26-ты год. Да напружанага летняга графіка прызвычаіўся. Такім жа працавітым вучыць быць і свайго сына  Андрэя. Студэнт БДУ летнія канікулы выкарыстоўвае з карысцю – не толькі дапамагае бацьку, але і зарабляе свае першыя грошы.

Дарэчы, ноччу можна ўбіраць толькі пэўныя збожжавыя культуры. “Тэхналагічную карту” загадзя распрацоўваюць аграномы. У Мінскай вобласці ўжо сабраны першы мільён збожжа. Найбольшы ўклад у агульны каравай унеслі гаспадаркі паўднёвых раёнаў.