У Мінску сёння абмяркоўвалі перспектывы партнёрства Беларусі і Румыніі

11 мая 2016

Адбылося пасяджэнне міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. Урады дзвюх краін выказалі гатоўнасць аказваць падтрымку бізнесменам у развіцці гандлёвых адносін і рэалізацыі інвестпраектаў. Таксама вызначылі перспектыўныя кірункі для працы, дамовіліся актывізаваць супрацоўніцтва, у тым ліку ў гандлі і турызме.

Алена Купчына, намеснік міністра замежных спраў Беларусі: "Мы сёння вызначылі перспектыўныя сферы, на якіх мы павінны засяродзіць асноўныя намаганні: гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, турызм, фармацэўтыка, навука і тэхналогія, уключаючы высокія тэхналогіі. Мне прыемна, што расце колькасць беларускіх турыстаў у Румыніі, але і экспарт беларускіх паслуг у гэтую краіну расце".

Улад Васіліу, Дзяржаўны сакратар Міністэрства эканомікі, гандлю і прадпрымальніцтва Румыніі: "Мы вітаем намер беларускага боку прызначыць Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Румыніі. Мы доўга ішлі да гэтага і лічым, што прызначэнне такой высокай місіі будзе з'яўляцца каталізатарам для пашырэння нашага супрацоўніцтва".

Зараз Мінск і Бухарэст працуюць над аднаўленнем тавараабароту да ўзроўню 2008-га. Тады аб'ём узаемнага гандлю дасягаў 230 мільёнаў долараў.

Аб супрацоўніцтве Беларусі і Румыніі гаварылі і ў Гандлёва-прамысловай палаце. Па-ранейшаму вялікай папулярнасцю карыстаецца наша сельгастэхніка. Паводле звестак за мінулы год, толькі тэхнікі МТЗ пастаўлена на 11 мільёнаў долараў. На беларуска-румынскім бізнес-форуме таксама абмеркавалі сумесныя праекты па здабычы і перапрацоўцы нафты і газу. Акрамя таго, гаворка ішла пра энергетыку, металургічную вытворчасць, распрацоўку інфармацыйных тэхналогій.