У Мінску адкрыліся экспазіцыйныя стэнды ТIBO-2018

15 мая 2018

Сёння ў Мінску адкрыліся экспазіцыйныя стэнды Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТIBO-2018. Тэма набыла асаблівую актуальнасць у сувязі з прыняццем Дэкрэта № 8. Нагадаем, дакумент стварыў унікальныя прававыя асновы і магчымасці для ператварэння Беларусі ў IT-краіну. Дарэчы, менавіта так "IT-краіна Беларусь" называецца і цэнтральны стэнд выставы. Тут прапанаваны распрацоўкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій дзяржорганаў, беларускіх IT-кампаній, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Расказвае Вікторыя Антоненкава.

Інфармацыйныя тэхналогіі сёння выкарыстоўваюцца ў розных сферах: ЖКГ, ахова здароўя, адукацыя, грамадская бяспека, транспарт і нават спорт. Вось беларускі разумны касцюм. Ён счытвае біяметрычныя звесткі чалавека, вызначае псіхаэмацыйны стан падчас трэніроўкі і нават фіксуе фізічныя рухі - гэта дапамога для трэнера, каб праверыць тэхніку.

Дзмітрый Міхальчук, намеснік дырэктара па знешнім развіцці праекта CEO Teslasuit: "Наколькі спартсмен мае запас расці далей, вельмі важна вызначыць гэта загадзя, не затрачваючы дзясяткаў тысяч долараў на падрыхтоўку таго, хто мае даволі нізкі анаэробны парог".

На форуме больш за 90 навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак з 15 краін свету. Гэта воблачныя тэхналогіі, штучны інтэлект, касцюм віртуальнай рэальнасці, прылада для паказу 3D-малюнкаў, медыцынскі імплантат для нейрастымуляцыі і іншыя экспанаты. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі магчымасці хуткасцяў 5G. Іх прапанавала кампанія beCloud. Гэта тэхналогія дазваляе перадаваць інфармацыю з хуткасцю да 20 гігабіт - гэта вялізныя хуткасці.

Алег Сядзельнік, гендырэктар ТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі": "У першую чаргу, гэта неабходна для прамысловасці, можа выкарыстоўвацца ў транспарце, у побыце. Гэта значыць, інтэрнэт рэчаў: пачынаючы ад чайніка, якім можна кіраваць па інтэрнэце, заканчваючы беспілотным грамадскім транспартам".

Выстава ТIBO - гэта не толькі прэзентацыя навацый беларускіх распрацоўшчыкаў, але і магчымасць назіраць сусветныя тэхнічныя дасягненні. А таксама чэрпаць вопыт у тых краін, якія даўно развіваюць лічбавую эканоміку. Гэтай тэме надаюць вялікую ўвагу.

Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Шэраг інфармацыйных тэхналогій, якія дзейнічаюць не толькі ў нас, ва ўсім свеце, трансфармуюцца ў нашу эканоміку. IT-тэхналогіі праймаюць усе галіны нашай эканомікі".

Белпошта распавяла пра новыя магчымасці адсочвання лістоў і пасылак па штрых-коду, а таксама паказала дрон, які зможа дастаўляць адпраўленні. Новымі паслугамі і магчымасцямі здзіўлялі аператары фіксаванай і мабільнай сувязі. Ужо сёння з дапамогай смартфона можна аплаціць пакупкі ў магазіне, праезд, камунальныя паслугі. Вэлком прапанаваў каля 13 новых паслуг.

Сёння быў падпісаны дагавор паміж фондам "Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў" і кампаніяй - рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій аб стварэнні праграмна-тэхнічнага блока: сайта, месенджараў і мабільнага дадатку і яшчэ 13 сэрвісаў.

Дзмітрый Швядко, дырэктар ТАА "Сінезіс спорт": "Гэта модулі класіфікацыі, модуль кіравання персаналам, модуль арганізацыі самога мерапрыемства. У рамках праекта будзе створана больш чым 250 рабочых месцаў з агульнай выпрацоўкай - больш за паўмільёна гадзін".