У Казахстане сёння прайшло пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета

14 августа 2017

Прэм'еры краін ЕАЭС абмеркавалі стварэнне адзінага энергетычнага рынку, развіццё транспарту і пенсіённае забеспячэнне грамадзян. На парадку дня было 13 пытанняў. Асаблівая ўвага механізму прасочвання тавараў у рамках саюза. Пазіцыя нашай краіны - яе агучыў сёння прэм'ер-міністр Беларусі - інтэграцыйнаму аб'яднанню патрэбна эфектыўная сістэма процідзеяння шэрым схемам ухілення ад выплаты мытных і падатковых плацяжоў, уцягванню тавараў у нелегальнае абарачэнне. Але прасочванне павінна працаваць на ўзаемнай аснове. На парадку дня разгледжаны праект дагавора, які дазволіць улічваць пенсіённыя назапашванні, зробленыя ў адной краіне, пры выхадзе на заслужаны адпачынак у другой. Яшчэ адно пытанне - прызнанне краінамі вадзіцельскіх пасведчанняў адна адной.

У Астане працуе наш карэспандэнт Вераніка Бута. Упершыню за апошнія гады сустрэча прэм'ераў праходзіла на фоне ажыўлення эканомік усіх рэспублік ЕАЭС. Гэты факт адзначыў кожны бок. Адсюль і рост у цэлым на інтэграцыйным рынку: экспарт плюс 10 %, аб'ём унутранага і знешняга гандлю за чатыры месяцы вырас больш як на чвэрць.

Рух у патрэбным кірунку - гэта ўжо канстатаваў Прэзідэнт Казахстана, раніцай Нурсултан Назарбаеў асабіста прывітаў удзельнікаў міжурадавага савета. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, працаваць прыходзіцца ў няпростых умовах. Але нягледзячы на наяўныя пытанні, Еўразійскі эканамічны саюз неабходна ўмацоўваць.

Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Казахстана:

"Еўразійскі эканамічны саюз працуе ўжо трэці год, і гэты час абумоўлены няпростай сітуацыяй як у сусветнай, так і ў нацыянальных эканоміках краін - членаў ЕАЭС. Пры гэтым галоўным фактарам з'яўляецца стварэнне агульнага рынку, адзінай эканамічнай структуры. Рост эканомікі непасрэдным чынам адлюстроўваецца на павышэнні ўзроўню тавараабароту, паляпшэнні ўзаемаадносін паміж краінамі".

Шлях выбраны правільны, канстатавалі і кіраўнікі ўрадаў, вырашана прадоўжыць ліквідацыю бар'ераў на шляху руху тавараў і паслуг і ўдасканальваць правілы для бізнесу.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі:

"Да наступнага міжурадавага савета чакаем ад камісіі першую дарожную карту на 2017-2018 гады, у якой павінна быць дакладна пазначана, што яе асноўная мэта - поўная ліквідацыя эканамічна значных абмежаванняў ва ўзаемным гандлі".

Дарэчы, распрацаваць дарожныя карты для ліквідацыі найбольш адчувальных абмежаванняў - ініцыятыва беларускага боку, агучаная і падтрыманая на мінулым пасяджэнні.

Дадатковыя магчымасці для бізнесу і ЕАЭС у цэлым - гэта лічбавыя тэхналогіі. Без іх сёння цяжка ўявіць паспяховую інтэграцыю.

Тыгран Саркісян, старшыня калегіі ЕЭК:

"Нам было дадзена даручэнне кіраўнікоў урадаў на працягу месяца падаць ініцыятывы, якія могуць дапамагчы ў прасоўванні лічбавай трансфармацыі. Пералік такіх ініцыятыў мы падалі нашым калегам для абмеркавання - каля 10 праектаў - і чакаем ад іх прапаноў і заўваг. Пасля гэтага вынесем іх на абмеркаванне рабочай групы высокага ўзроўню, якая была створана па даручэнні прэзідэнтаў".

Да пытання абяцаюць вярнуцца на наступным пасяджэнні міжурадавага савета, каб у канцы года прадставіць дапрацаваны праект ужо кіраўнікам дзяржаў. Сустрэча прэм'ераў запланаваная на канец кастрычніка.

І лагічны лічбавы працяг - інтэграцыйнаму аб'яднанню патрэбен выразны механізм прасочвання тавараў у рамках Саюза. Дагэтуль ён не замацаваны. Пілотны праект - нанясенне RFID-метак на футравыя вырабы рэалізуецца пакуль толькі ў Беларусі і Расіі.

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі:

"У вузкім коле мы абмеркавалі праект Пагаднення аб механізме прасочвання тавараў. Нам неабходная эфектыўная сістэма процідзеяння шэрым схемам ухілення ад выплаты мытных і падатковых плацяжоў, уцягвання тавараў у нелегальны абарот. Рэспубліка Беларусь, заяўляючы аб гатоўнасці выконваць усе ўзятыя на сябе саюзніцкія абавязацельствы, чакае такога ж адказнага падыходу і ад іншых бакоў. Прасочванне павінна працаваць на ўзаемнай аснове!".

Яшчэ адно пытанне - прызнанне дзяржавамі вадзіцельскіх пасведчанняў адзін аднаго - засталося без адказу. Да дыялогу яшчэ плануюць вярнуцца. Расія і Арменія ўжо пачынаюць кансультацыі па гэтым пункце парадку дня і пазней данясуць астатнім бакам свае ідэі. Да 2020 года можа быць створаны агульны рынак паслуг паветранага транспарту ў Еўразійскім саюзе. У найбліжэйшай перспектыве - а менавіта да сярэдзіны наступнага года - плануюць запусціць (пакуль у пілотным варыянце) электронны гандаль электраэнергіяй - гэта крок да стварэння адзінага энергетычнага рынку. Пенсіённае пытанне, калі, скажам, назапашванні, зробленыя ў адной краіне, будуць улічваць пры выхадзе на заслужаны адпачынак у іншай - таксама задача 2018-га. Старшынстваваць тады ўжо будзе Расія.

Праца была прадуктыўнай: падпісаныя восем дакументаў, у тым ліку аб развіцці гандлю. Праўда, абмеркаванне праблем і іх рашэнняў пачалося са святочнай ноты - у армянскага прэм'ера сёння дзень нараджэння. І, як пажартаваў Дзмітрый Мядзведзеў, гэта можа стаць добрай прыметай.

Цяперашняе пасяджэнне - ужо трэцяе сёлета. Еўразійскі міжурадавы савет да гэтага ўжо збіраўся ў Бішкеку і Казані. Зараз сустрэча праходзіць у Астане. Час правядзення савета, адзначылі яго ўдзельнікі, удала супаў з работай у казахстанскай сталіцы выставы ЭКСПО. Таму ў кіраўнікоў урадаў сёння была магчымасць наведаць і свае нацыянальныя павільёны, і выставачныя экспазіцыі партнёраў па Саюзе. Тым больш, што абмяркоўвалі прэм'еры інтэграцыйныя пытанні ў крокавай даступнасці ад павільёна "Нур Алем", які ўжо стаў знакамітым.

Выстава ЭКСПО навочна паказала - Еўразійскі саюз шматгранны. І гэтая пляцоўка, упэўненыя прэм'еры, абавязкова ўмацуе дружбу, паразуменне і інтэграцыю паміж краінамі.