У Гомелі прайшло пасяджэнне Міжбанкавага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі

17 мая 2019
Пасяджэнне Міжбанкавага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі прайшло сёння ў Гомелі. Бакі разгледзелі бягучую эканамічную сітуацыю і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі і Расіі, а таксама абмеркавалі вынікі працы банкаўскіх сістэм дзвюх краін, двухбаковы плацежны баланс і плацежны баланс Саюзнай дзяржавы за 2018 год, міжнародную інвестыцыйную пазіцыю Саюзнай дзяржавы па стане на першае студзеня гэтага года.

Павел Калаўр, старшыня праўлення Нацбанка Беларусі: "Сёння былі пытанні, якія, на наш погляд, будуць спрыяць развіццю фінансавых рынкаў, сумеснай інтэграцыі, пранікненню капіталу, - гэта пытанні, звязаныя з інвестыцыйным банкінгам. І наогул гэтая тэма развіцця фінансавых рынкаў дзвюх краін будзе ў найбліжэйшы час актуальная, мы ёй будзем надаваць асаблівую ўвагу".

Эльвіра Набіуліна, старшыня Цэнтральнага банка Расіі: "Мы разам працуем не толькі ў двухбаковым фармаце, але ў фармаце пяці краін па канцэпцыі развіцця агульнага фінансавага рынку ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. У нас тут і сістэма рэгулявання, сістэма нагляду трохі адрозніваецца, але мы рухаемся да гарманізацыі, да таго, каб вучыцца на лепшым вопыце адно аднаго. Ёсць сапраўды шмат сфер, дзе мы можам павучыцца адно ў аднаго, каб гэта было карысна для нашых эканомік і для грамадзян нашых краін".

Пасяджэнні Міжбанкавага валютнага савета, створанага ў лістападзе 99-га, праходзяць два разы на год. Кіраўнікі цэнтрабанкаў падкрэслілі запатрабаванасць такога фармату ўзаемадзеяння. Цяперашняе пасяджэнне стала ўжо пяцідзясятым.