У Брэсцкай і Гомельскай абласцях ужо ўбрана каля 40% збожжа

28 июля 2016

Беларускія аграрыі пераадолелі 2-мільённы рубеж па намалоце збожжа. Прычым ураджайнасць сёлета вышэйшая, чым у мінулым годзе - 34 цэнтнеры з гектара. Надвор'е спрыяе актыўнаму тэмпу ўборачнай кампаніі. Так, у паўднёвых рэгіёнах краіны Брэсцкай і Гомельскай абласцей ужо ўбрана каля 40% збожжа. Следам за лідарамі цяперашняй уборачнай кампаніі ідуць Мінская і Гродзенская вобласці. Адзначу, задзейнічаны ўвесь аўтапарк спецтэхнікі. А гэта больш за 10 тысяч камбайнаў.

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Мы разлічваем па працоўным плане, калі будзе добрае надвор'е, на працягу двух тыдняў мы асноўны хлеб прыбярэм. Застануцца крупяныя: грэчка, проса, нейкая частка бабовых культур, якія спеюць у пазнейшыя тэрміны. Можа быць, дзесьці яравая пшаніца застанецца".

Сёлета ў краіне трэба ўбраць больш за 2 млн. гектараў палёў. Атрымаць больш за мільён тон харчовага збожжа і 6 млн. тон фуражнага. Агульная вага каравая чакаецца ў 9 млн. тон хлеба.