У Беларусі завяршаецца кампанія па дэклараванні прыбыткаў

29 февраля 2016

Грамадзяне да 1-га сакавіка ўключна павінны адчытацца аб сваіх заробках за мінулы год. Праўда, гэты абавязак датычыцца толькі тых, чые прыбыткі не абмяжоўваюцца толькі зарплатай. Падрабязней - Вольга Анішчанка.

За некалькі дзён да фінішу кампаніі законапаслухмяныя грамадзяне "штурмуюць" інспекцыі літаральна з адкрыцця. У апошні тыдзень лютага графік працы тут карэктуюць заўсёды, падаўжаючы гадзіны прыёму: з 8 раніцы і да 7 вечара. Тым жа, хто не паспявае наведаць падатковую і ў гэты тэрмін, раяць: лепш скарыстацца поштай!

Алена Саланец, начальнік аддзела інспекцыі МНЗ Беларусі па Першамайскім раёне г. Мінска:

"Падатковую дэкларацыю можна адправіць па пошце. І калі вы яе адправіце 1 сакавіка, гэта будзе лічыцца своечасовым паданнем дэкларацыі. Нават калі яна да нас прыйдзе 5 сакавіка або нават 9 сакавіка".

Дэклараваць грамадзяне абавязаны прыбыткі, атрыманыя ад продажу на працягу каляндарнага года грузавога аўто або другой легкавой машыны. На працягу пяці гадоў - другой і больш кватэры. А таксама дачы, гаража або зямельнага ўчастка. Грамадзянін абавязаны адчытацца перад падатковай і за прыбыткі, атрыманыя з-за мяжы.

Андрэй Кавалеўскі, начальнік ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах Беларусі:

"Гэта можа быць як праца за мяжой, так і атрыманне нейкіх пераводаў шляхам дыстанцыйнай працы на замежныя кампаніі. Гэта выйгрышы ў анлайн-казіно, выйгрышы на рынку Foreх".

Запоўніць дэкларацыю прыйдзецца і тым, хто здаваў у арэнду жыллё і атрымаў за год больш за 43 мільёны рублёў. А таксама тым, хто прымаў дарагія падарункі - на такую ж суму. За выключэннем прэзентаў ад блізкіх сваякоў.

Без памылак адчытацца перад падатковай за тыя прыбыткі, якія выходзяць за рамкі зарплатных праектаў, дапаможа сайт Міністэрства па падатках і зборах. Тут падрабязна распісана, як, каму і колькі маецца заплаціць па выніках мінулага года. Дэкларацыю нават можна раздрукаваць і запоўніць дома, каб максімальна скараціць час знаходжання ў падатковай інспекцыі.

Заўтра - апошні дзень падачы дэкларацый, нагадваюць у інспекцыях. Дарэчы, адміністрацыйная адказнасць прадугледжаная толькі ў выпадку трохдзённай пратэрміноўкі. Зрэшты, размова - толькі пра падачу справаздачнасці. Заплаціць падаткі можна да 15 мая.