У Беларусі распрацоўваецца стратэгія "Навука і тэхналогіі: 2018-2040"

31 октября 2017

Праект маштабнага дакумента распрацаваны напярэдадні правядзення II З'езду беларускіх навукоўцаў. Форум стане ключавым мерапрыемствам Года навукі. Стратэгічны дакумент павінен вызначыць асноўныя прыярытэты навукова-тэхналагічнага развіцця Беларусі на два дзесяцігоддзі наперад. Падрабязней аб заявах у Доме ўрада - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

У гэтым важкім дакуменце дэталёва прапісана, як будзе развівацца беларуская навука на 20 гадоў наперад. Сёння на Прэзідыуме Саўміна чыноўнікі зазірнулі ў будучыню, абмеркаваўшы інавацыйную стратэгію, як яна ўвязваецца з развіццём эканомікі і новай прамысловай рэвалюцыяй.

IT і воблачныя тэхналогіі, інтэрнэт рэчаў, робататэхніка, штучны інтэлект, мабыць, гэта толькі невялікі пералік таго, што праз некалькі дзясяткаў гадоў стане справай звыклай. Паспець за індустрыяй 4.0 і грамадствам 5.0 як раз-такі і заклікана новая навуковая праграма да 2040 года. У ідэале, каб навука задавала тон усім галінам і кірункам эканомікі.

Долю інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў плануецца павысіць да чвэрці. Зараз гэты паказчык 16 %. Тут яшчэ відавочна пытанне часу. Колькі яго спатрэбіцца, каб ідэя сабрала аўтарскі калектыў і перарасла ў гатовы прадукт.

Навукоўцаў і прамыслоўцаў заклікаюць сёння да дыялогу. Бо не заўсёды яны чуюць адзін аднаго. Аб складанасцях укаранення новых распрацовак у рэальны сектар гаварылі і ў Палаце прадстаўнікоў. Дэпутаты лічаць гэты дыялог яшчэ толькі ў пачатку шляху.

Сёння шматлікія сусветныя лідары, напрыклад, ІКТ да 15 % бюджэту расходуюць на навуку, каб быць на крок наперадзе канкурэнтаў. Ці заўсёды выкарыстоўваюць гэты рэцэпт нашы прызнаныя экспарцёры, пытанне. Між тым, каб абнаўляць лінейку, патрэбныя распрацоўкі з прыцэлам на заўтрашні дзень.

Гэта прапісана і ў стратэгіі "Навука і тэхналогіі: да 2040". Сёння яе разгледзелі на Прэзідыуме Саўміна.

Стратэгія "Навука і тэхналогіі" - дакумент базавы для распрацоўкі праграм па навукова-тэхнічным развіцці, прагнозных на сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву. Яна падзеленая на тры этапы. Да 2020 года, да 30-га і да 40-га.

Сёлета на навуку пайшло 40 % сродкаў інавацыйнага фонду. Але не заўсёды грошы асвойваюцца рацыянальна.

Грошы не павінны ляжаць на рахунках мясцовых фондаў. Тым больш, што не на ўсе заяўкі рэспубліканскага хапіла сродкаў.