У Беларусі плануюць будаваць гідраэлектрастанцыі паводле новых тэхналогій

22 апреля 2013

Запусціць праект нашым энергетыкам прапанавалі фундатары з Італіі. Зараз абодва бакі праводзяць перамовы. Калі ўсё атрымаецца, то першую такую ГЭС пачнуць будаваць на Нёмане. Гэтая станцыя зможа прэтэндаваць на званне самай экалагічнай, а таксама выпрацоўваць энергію ў два разы больш, чым астатнія пры аднолькавай магутнасці.


Аб планах вялікіх інвестыцый даведалася Кацярына Шыбко. Для Беларусі - гэта пілотны праект. Каб яго запусціць, фундатары з Італіі гатовыя ўкласці больш за 100 мільёнаў еўра. Дарэчы, энергіі, якую станцыя павінна выпрацоўваць, хопіць на тое, каб ёю забяспечыць як мінімум цэлы горад. Тэхналогія будаўніцтва, з якой жадаюць прыйсці італьянскія фундатары на Нёман,  кардынальна адрозніваецца ад папярэдніх. Па-першае, як гавораць спецыялісты - такая гідраэлектрастанцыя смела можа прэтэндаваць на званне самай экалагічнай. А па-другое, у параўнанні з іншымі ГЭС з улікам адной магутнасці гэтая  выпрацоўвае ў два разы больш энергіі. У Еўропе падобныя станцыі ўжо ёсць. А вось у ЗША іх толькі пачынаюць будаваць. Фундатары не ўтойваюць: як толькі пілот на Нёмане запусціцца, можна будзе планаваць укладваць грошы ў стварэнне новых ГЭС яшчэ і на Заходняй Дзвіне, і на Прыпяці. Да таго ж, дазваляюць гэта зрабіць і нашы рэсурсы, і ўмовы для замежных бізнесменаў. У той жа час, гаворыць Антоніа Сарбара, ад фундатараў у Беларусі патрабуюць не так ужо і шмат - працаваць сумленна і эфектыўна. Адкрытая пазіцыя Кіраўніка дзяржавы па гэтым пытанні чарговы раз прагучала і падчас традыцыйнага Паслання парламенту і беларускаму народу.


Аляксандр Лукашэнка, Прэзідент Рэспублікі Беларусь: Нам патрэбныя такія фундатары і такая прыватызацыя, якая забяспечыць пашырэнне таварных знакаў, стварэнне новых вытворчасцяў і тэхналогій.


Італьянскія фундатары, гавораць, у гэтым таксама зацікаўленыя. У перспектыве яны жадаюць стварыць сумеснае прадпрыемства ў Беларусі  па будаўніцтве новых ГЭС для краін Садружнасці. Не выключана, што ўжо да канца тыдня інвестыцыйны дагавор будзе падпісаны. Зараз жа вядуцца перамовы з беларускімі навукоўцамі і прадстаўнікамі Мінэнерга. Паводле слоў італьянскіх фундатараў, калі ўсё атрымаецца, то гідраэлектрастанцыю па гэтай новай для Беларусі тэхналогіі рэальна будзе пабудаваць нават за год.