У Беларусі пачалася пасяўная кампанія

30 марта 2017

Сёлета раней, чым планавалася. У пачатку вясны першымі на палі выйшлі аграрыі паўднёвых рэгіёнаў краіны. А сёння масавая сяўба ярыны ідзе ўжо па ўсёй краіне. Аб асаблівасцях вяснова-палявых работ і планах на ўраджай - рэпартаж Вольгі Халадовіч.

З 7 раніцы і без выхадных. Яшчэ некалькі дзён таму высокая вільготнасць не дазваляла цяжкай тэхніцы выйсці ў поле, але моцны вецер змяніў сітуацыю. Зараз глеба ўтрымлівае трактары без праблем.

Надвор'е сёлета радуе, гавораць аграрыі. Цёплая вясна дазволіла пачаць палявыя работы раней, чым звычайна, на два тыдні. Ды і азімыя перазімавалі нядрэнна.

Пачаў сяўбу і Віцебскі рэгіён, які традыцыйна праводзіць пасяўную пазней за астатніх. Таму ўжо можна гаварыць, што масавая сяўба ярыны ў краіне пачалася. У Гомельскай вобласці засеяна больш за палову плошчаў. Па краіне - 20 %.

У пачатку красавіка аграрыі Гомельскай вобласці ўжо плануюць завяршыць сяўбу ярыны. Тэмпы пасяўной сёлета прыкладна на два тыдні апярэджваюць леташнія. Напрыклад, у большасці гаспадарак у гэты час сяўбу звычайна толькі пачыналі.

Для Віктара Буйко цяперашняя пасяўная юбілейная. 20-ы раз ён выходзіць у поле. Гаворыць, па раллі можа ездзіць ледзь ці не з заплюшчанымі вачамі. Але да сяўбы стаўленне самае трапяткое, падкрэслівае механізатар.

Повары падчас пасяўной пачынаюць свой рабочы дзень яшчэ раней за механізатараў. Бо ўжо ў 11:00 у полі павінен быць гарачы абед.

У цэнтральным рэгіёне пад ярыну сёлета адвялі амаль паўмільёна гектараў. Каля паловы зоймуць збожжавыя. Да сярэдзіны красавіка аграрыі плануюць завяршыць гэтыя работы. Пазней пачнецца сяўба кукурузы, цукровага бурака і і іншай агародніны.

У краіне сёлета, паводле слоў спецыялістаў, плануецца сабраць нядрэнны ўраджай. Збожжа амаль 9 мільёнаў тон, вырасціць бульбы больш за мільён тон і сабраць амаль 5 мільёнаў тон цукровага бурака.