У Беларусі пачала працаваць місія Міжнароднага валютнага фонду

17 октября 2013

Візіт планавы, галоўная яго мэта - правядзенне эканамічнага маніторынгу. Наша краіна рэалізавала праграму стэнд-бай, падтрыманую крэдытам МВФ на 3 з паловай мільярды долараў у 2009-2010-м гадах. Гэта дазволіла забяспечыць станоўчую дынаміку па шэрагу пазіцый у эканоміцы.


Як адзначаюць эксперты, па выніках праграмы Беларусь зарэкамендавала сябе як партнёр надзейны і сумленны, усе абавязацельствы выконваліся выключна своечасова. І вось зараз - пасля завяршэння праграмы - Міжнародны валютны фонд пачаў дадатковыя кансультацыі па ацэнцы мер эканамічнай палітыкі і выпрацоўцы прапаноў па павышэнні эфектыўнасці эканомікі краіны.

Падрабязнасці ў нашага эканамічнага аглядальніка Галіны Карыпідзі.


Сёння першы працоўны дзень місіі ў Беларусі. За адзінаццаць дзён міжнародным фінансавым экспертам трэба правесці поўны маніторынг эканамічнага стану Беларусі і прад'явіць справаздачу Савету выканаўчых дырэктараў МВФ у Вашынгтоне.


На мінулым тыдні ў фінансавай сталіцы ЗША на штогадовым пасяджэнні кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка быў прапанаваны план сумесных дзеянняў урада і Нацбанка па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны. План уключае маштабныя меры па прыватызацыі дзяржуласнасці, абмежаванні крэдытавання дзяржпраграм і рэфармаванні пенсійнай сістэмы.


Георгій Грыц, эканаміст, прафесар БДУ: Беларусь уступіла ў АЭП і фактычна стала ўдзельнікам СГА праз Расію. Зыходзячы з функцый і ўстаноўленых задач МВФ, якія можна ахарактарызаваць фразай дапамога краінам у фарміраванні рынкавых інструментаў, як раз дапамога МВФ будзе адпавядаць і ўстаноўленым задачам МВФ, і статусу РБ.


У найбліжэйшай будучыні размова можа ісці аб праграме, якая ў параўнанні з папярэдняй стэнд-бай мае больш працяглы тэрмін крэдытавання з мэтай падтрымкі структурных рэформ у эканоміцы ў сярэднетэрміновай перспектыве.


Георгій Грыц, эканаміст, прафесар БДУ: Не было ніводнага выпадку за апошнія 20 гадоў, каб Беларусь не тое, што б не выплаціла, а хоць бы пратэрмінавала вяртанне пазыковых сродкаў.


Партнёрскія адносіны, якія склаліся ў МВФ і Беларусі, маюць двухбаковую цікавасць. Для айчыннай эканомікі такія рэсурсы з'яўляюцца камфортнымі з пункта гледжання кошту і даўжыні грошай. А дамоўленасць аб рэалізацыі новай праграмы з фондам можа стаць добрым матывам для іншых міжнародных арганізацый і фундатараў.


Дэвід Хофман, кіраўнік місіі МВФ: Як вы ведаеце, наша місія завершыцца 28 кастрычніка. Мы дадзім ацэнку эканамічнай палітыкі ўрада, і я не жадаў бы рабіць папярэдніх высноў.


Ужо заўтра ў Мінску пройдзе чарговая афіцыйная сустрэча эканамічнага блока ўрада і экспертаў місіі фонду.